Мінск 21:21

Незалежны медыярэсурс Plan B. прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”

13 лістапада, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 5 лістапада прызнаў незалежны медыярэсурс Plan B. “экстрэмісцкім фарміраваннем”, вынікае з абнаўленага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Датычнымі да “фарміравання” названыя Вольга Лойка, Андрэй Махоўскі і Дзмітрый Смірноў, у спіс унесеныя інтэрнэт-партал СМІ, а таксама яго старонкі ў сацсетках.

Plan B. — аўтарскае медыя, якое заснавала былая палітзняволеная, экс-рэдактар разгромленага ўладамі tut.by Вольга Лойка ў чэрвені 2023 года.

24 ліпеня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт партала planbmedia.io, яго старонак у сацыяльных сетках, месенджарах і відэахостынгу “Ютуб”. “Экстрэмісцкім” быў прызнаны таксама лагатып сайта ў выглядзе надпісу “Plan В” белымі літарамі на чорным фоне.

26 красавіка 2025 года Лойка, якая знаходзіцца за мяжой, уключаная ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Лойка таксама знаходзіцца ў спісе “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

17 чэрвеня 2025 года сайт медыяпраекта Plan B. перастаў адкрывацца ў Беларусі.

Падзяліцца: