Мінск 21:20

Знойдзена цела зніклага падлетка Максіма Зяньковіча (дапоўнена)

Ілюстрацыя: пошукава-выратавальны атрад "Анёл"

13 лістапада, Позірк. Знойдзена цела падлетка Максіма Зяньковіча, які знік у Бярэзінскім раёне (Мінская вобласць). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал CRIMINAL.BY.

Паводле інфармацыі камандзіра пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, труп знойдзены за некалькі кіламетраў ад знойдзенага раней ровара.

Паведамляецца, што пошукавая група заканчвае працу, на месца прыбыла следча-аператыўная група. Прычыну смерці дзіцяці трэба будзе ўсталяваць экспертам.

МНС таксама паведаміла, што ў “ходзе работы авіяцыйнай групы, паводле папярэдняй інфармацыі, знойдзена цела зніклага дзіцяці”.

Раней 13 лістапада паведамлялася, што пешая пошукавая група выявіла ровар Максіма Зяньковіча паблізу торфараспрацовак непадалёк ад населенага пункта Несцераўка Бярэзінскага раёна. Згодна з картай, адлегласць паміж Несцераўкай і вёскай Карбаўское, адкуль 8 лістапада каля 10:00 з’ехаў на ровары падлетак, складае каля 2 км.

Паведамлялася, што на месца, дзе знайшлі ровар, вылецела авіяцыя МНС.

Пра працяг пошукаў Максіма Зяньковіча 2010 года нараджэння УУС Мінскага аблвыканкама паведамляла раніцай 13 лістапада.

Пошукі падлетка праводзіліся ў кругласутачным рэжыме, былі даследаваны тысячы гектараў мясцовасці, каля 70 населеных пунктаў, вадаёмы ў радыусе 30 кіламетраў. Зяньковіча шукалі супрацоўнікі экстранных службаў, валанцёры, неабыякавыя грамадзяне — усяго тысячы чалавек — выкарыстоўваліся службовыя сабакі, тэхніка, дроны.

Падзяліцца: