Мінск 00:54

Беларусь завяршыла работы па дэмаркацыі сухапутнага ўчастка мяжы з Украінай

12 лістапада, Позірк. Беларусь завяршыла работы па дэмаркацыі на сухапутным участку мяжы з Украінай, заявіў 12 лістапада старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў.

“Сур’ёзную ўвагу надаем працягу дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на ўкраінскім участку. На сённяшні дзень намі выкананыя работы па дэмаркацыі на ўсім сухапутным участку. Застаўся толькі рачны ўчастак мяжы, які праходзіць па рэках Днепр і Сож“, — сказаў чыноўнік.

Акрамя таго, адзначыў ён, вялікая ўвага надаецца ўмацаванню берагоў. Гэта тычыцца ў першую чаргу ракі Заходні Буг на польскім кірунку. “Мерапрыемствы мы праводзім у тым ліку за кошт магчымасцяў Саюзнай дзяржавы“, — адзначыў старшыня ДПК.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, сваю аператыўна-службовую дзейнасць пагранічнікі будуюць на падставе рашэння Аляксандра Лукашэнкі, якое было зацверджана ў студзені 2025 года. “Акцэнты мы расстаўляем зыходзячы з кірункаў участкаў адказнасці дзяржаўнай мяжы”, — заявіў Моластаў.

Каментуючы гэтую заяву, у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны адзначылі, што з 2022 года ўкраінскі бок не праводзіў працы “па вынасе лініі дзяржаўнай мяжы мясцовасці і ўстаноўцы памежных знакаў на мяжы з Беларуссю“, паведамляе “Радыё Свабода“.

“Прычынай гэтага з’яўляецца развязаная Расіяй вайна і яе падтрымка Беларуссю, бо ўварванне ў нашу краіну адбылося ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Я не выключаю, што Беларусь праводзіла пэўныя дэмаркацыйныя працы, якія былі ўзгодненыя сумеснай украінска-беларускай дэмаркацыйнай камісіяй да 2022 года, у адпаведнасці з сумесным пагадненнем паміж краінамі аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы“, — паведаміў спікер памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Ён адзначыў, што, якія б працы ні праводзіла Беларусь, “вынікі дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы павінны быць узгодненыя сумеснай камісіяй, вынікі работ затым павінны быць зацверджаныя ў адпаведнасці з унутраным заканадаўствам бакоў“.

“Таму для паўнавартаснай працы ў гэтым кірунку Беларусі неабходна ў першую чаргу спыніць падтрымку тэрарыстычнай краіны Расіі“, — падкрэсліў прадстаўнік украінскага ведамства.

Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай складае 1.084 км. Дагавор паміж краінамі аб дзяржаўнай мяжы быў падпісаны 12 траўня 1997 года ў Кіеве, на яго падставе была створаная сумесная беларуска-ўкраінская дэмаркацыйная камісія, першае пасяджэнне якой адбылося 23-24 верасня 2013 года ў Мінску. З 24 чэрвеня 2014 года сумесныя рабочыя групы пачалі вынасіць з карты на мясцовасць дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай.

У ліпені 2021 года паведамлялася, што Украіна і Беларусь “амаль завяршылі работы па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы па ўсёй яе даўжыні“, адмысловыя памежныя знакі не былі вынесеныя толькі на рачных участках Дняпра і Сожа. Тады ж у Гомелі прайшло чарговае пасяджэнне дэмаркацыйнай камісіі. Удзельнікі абмеркавалі стан і перспектывы выканання дэмаркацыйных работ.

У 4 гадзіны раніцы 24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: