Мінск 11:43

За мінулыя суткі на пажарах у Беларусі загінула тры чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

12 лістапада, Позірк. За мінулыя суткі (з 6:00 11 лістапада да 6:00 12 лістапада) на пажарах у Беларусі загінула тры чалавекі, яшчэ трое траўмаваныя, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле даных ведамства, у краіне за гэты час адбылося 11 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару. Пашкоджана шэсць будынкаў і адна адзінка тэхнікі.

Ад пачатку 2025 года ад агню загінула 443 чалавекі, у тым дзеці — 4 (за аналагічны перыяд 2024-га — 432 і 11 адпаведна). Агулам сёлета адбылося 5.576 пажараў (5.308).

Статыстыка па колькасці пажараў і загінулых вырасла за кошт здарэнняў у лютым і сакавіку 2025 года, такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 4 лістапада ў Мінску выказаў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзяніс Жукоўскі.

Паводле яго слоў, летась у лютым быў зарэгістраваны гістарычны мінімум гібелі людзей ад пажараў: “За люты 2024 года пры пажарах загінула 34 чалавекі, хоць у сярэднім за гэты зімовы месяц гіне 60–70 чалавек. Таму сёлета мы ідзём з невялікім ростам па гібелі людзей ад пажараў”.

Жукоўскі падкрэсліў, што каля 64% пажараў з гібеллю людзей адбываецца з кастрычніка па сакавік — з пікам у снежні і студзені. Паводле яго слоў, найперш гэта звязана з больш інтэнсіўнай эксплуатацыяй ацяпляльнага абсталявання, электрасетак і электраабсталявання.

“Праведзены аналіз пажараў і іх наступстваў за апошнія 5 гадоў паказаў, што найбольш распаўсюджанай прычынай узнікнення пажараў з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, — заявіў прадстаўнік МНС. — З гэтай прычыны здараецца каля 40% пажараў. Таксама значную вагу сярод прычын узнікнення пажараў мае парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі цеплагенерыруючых апаратаў, а таксама аварыйныя рэжымы працы электраабсталявання. З гэтых прычын штогод адбываецца каля 25% пажараў”.

Асноўнай прычынай гібелі людзей ад пажараў з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. У большасці выпадкаў загінулыя напярэдадні пажараў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, сказаў Жукоўскі.

Падзяліцца: