Мінск 18:06

Галоўны інжынер барысаўскага прадпрыемства абвінавачваецца ў атрыманні “адкатаў” ад замежніка

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

11 лістапада, Позірк. Аб выяўленні фактаў атрымання хабараў службовай асобай буйнога прадпрыемства Барысава (Мінская вобласць) паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што грошы 54-гадоваму галоўнаму інжынеру перадаваў замежнік за выбар яго арганізацыі пастаўшчыком абсталявання ў рамках маштабнай мадэрнізацыі вытворчасці, якая праводзіцца беларускім прадпрыемствам.

“Бакі дамовіліся аб “адкаце” ў памеры 10% ад кошту кантракту. Валюту фігурант атрымліваў на замежную карту сваячкі, а таксама гатоўкай пры сустрэчах з хабарадавальнікам у гатэлях Беларусі і знаходзячыся ў камандзіроўках за мяжой”, — гаворыцца ў паведамленні.

Агульная сума хабараў складае каля 120 тыс. рублёў у эквіваленце.

“Следчымі распачатая крымінальная справа. Устанаўліваюцца іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці фігуранта”, — адзначылі ў МУС.

19 кастрычніка паведамлялася, што супрацоўнікі МУС выявілі ў Мінскай вобласці “факты хабарніцтва службовай асобай сельгаспрадпрыемства”. Паводле звестак ведамства, 30-гадовы галоўны інжынер арганізацыі “сістэматычна атрымліваў незаконныя “падзякі”. “Гатоўку перадаваў замежны грамадзянін за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб выбары яго арганізацыі падрадчыкам па рамонце спецыяльнай тэхнікі, а таксама бесперашкоднае прыняцце выкананых работ”, — гаварылася ў рэлізе.

5 кастрычніка паведамлялася аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага інжынера сельгасарганізацыі ў Мінскай вобласці, які атрымаў хабар за “спрыяльнае вырашэнне пытання па ацэнцы і спісанню пагрузчыка, які знаходзіцца на балансе прадпрыемства, і наступнай яго рэалізацыі хабарадавальніку”.

“Асобныя станоўчыя тэндэнцыі “ў дынаміцы выяўлення карупцыйных злачынстваў у бягучым годзе “аб’ектыўна страчаныя”, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі МУС 26 верасня.

Паводле паведамлення прэс-службы ведамства, ён раскрытыкаваў шэраг тэрытарыяльных падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю (БЭЗ).

Кубракоў таксама адзначыў, што МУС перайшло ад “бытавых” хабараў да выяўлення і спынення схем сістэмнай “дзелавой” карупцыі, больш актыўна выкарыстоўваецца інструментарый аператыўна-вышуковай прафілактыкі.

Намеснік міністра — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч паведаміў, што з пачатку 2025 года спыненыя 22 схемы, звязаныя з сістэмнай “дзелавой” карупцыяй, у якіх удзельнічалі 114 фігурантаў, з іх 92 — хабараатрымальнікі. У сем такіх схем былі ўцягнутыя службовыя асобы сельгаспрадпрыемстваў.

“Акцэнт у працы АУС зрушаны на выяўленне буйных хабараў. Калі ў 2022 годзе іх агульная сума складала крыху больш за 2 млн рублёў, то ў мінулым — каля 6. За 8 месяцаў гэтага года — ужо каля 5 млн рублёў”, — сказаў Казакевіч.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.

Падзяліцца: