Мінск 14:28

Праца аэрапорта ў Вільнюсе зноў была парушаная, меркавана праз метэазонды

Фота: tuda-suda.by

11 лістапада, Позірк. Пра чарговае парушэнне працы аэрапорта ў Вільнюсе мінулай ноччу паведамляе LRT.

“Былі закранутыя тры прыбываючыя рэйсы. BT960 Амстэрдам — Вильнюс перанакіраваны ў Рыгу. Яшчэ два былі накіраваныя ў Каўнас: RE3312 Мадэйра — Вільнюс і X98002 Тэнэрыфэ — Вільнюс”, — адзначыў прадстаўнік кампаніі “Літоўскія аэрапорты” Тадас Васіляўскас.

Паводле яго слоў, пацярпела 470 пасажыраў. “Пасажыры рэйсаў, накіраваных у каўнаскі аэрапорт, дабраліся да месца прызначэння на аўтобусе, а пасажыры рэйсаў, накіраваных у рыжскі аэрапорт, пазней вярнуліся ў Вільнюс на самалёце”, — удакладніў Васіляўскас.

Як мяркуецца, прычынай парушэння працы вільнюскага аэрапорта з’яўляецца чарговы залёт у паветраную прастору Літвы метэазондаў. Паводле звестак Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦКК), мінулай ноччу зафіксавана 34 адпаведныя сігналы радараў, памежнікамі выяўлена шэсць кантрабандных грузаў.

Папярэдні раз аб парушэнні працы аэрапорта ў Вільнюсе паведамлялася 8 лістапада.

У канцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідання цыгарэт. З-за аэрастатаў даводзілася прыпыняць працу аэрапорта ў Вільнюсе, што цягнула за сабой затрымку і адмену рэйсаў. Рэагуючы на гэта, улады Літвы некалькі разоў часова закрывалі пункты пропуску, а 29 кастрычніка ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Праз узмацненне жорсткасці правілаў перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

10 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што больш за 1.100 фур з рэгістрацыйнымі нумарамі Літвы, якія чакалі выезду ўздоўж дарог, якія вядуць да закрытых Вільнюсам пунктаў пропуску, будуць змешчаныя на стаянкі паблізу пунктаў Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай), Беняконі (Шальчынінкай), Катлоўка (Лаварышкес), Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі).

Адзначалася, што рашэнне прынятае для “выключэння небяспечных умоў на пад’язных аўтадарогах да закрытых літоўскім бокам пунктаў пропуску”.

Падзяліцца: