Мінск 14:16

Да адкрыцця мяжы літоўскія фуры не выпусцяць з Беларусі — ДМК

11 лістапада, Позірк. Да аднаўлення Вільнюсам “нармальнага руху” праз пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальнічынкай (Беняконі) перамяшчэнне літоўскіх грузавікоў праз мяжу ажыццяўляцца не будзе, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Як адзначаецца, цяпер на тэрыторыі Беларусі захрасла звыш 1.100 фур, якія “так і не дачакаліся адкрыцця літоўскім бокам мяжы”, яны “будуць знаходзіцца на спецыяльна абсталяваных для гэтых мэтаў стаянках”.

“Такое рашэнне беларускім бокам прынята ў мэтах забеспячэння бяспекі на пад’язных да мяжы дарогах і захаванасці дадзеных транспартных сродкаў”, — заяўляе ДМК.

Паводле інфармацыі ведамства, на паркінгах размешчана 800 літоўскіх велікагрузаў: у Бераставіцы — 350, Беняконях — 160, Катлоўцы — 220, Каменным Логу — 70.

“Кіроўцы, якія выканалі афіцыйныя пісьмовыя патрабаванні мытных органаў па перамяшчэнні транспартных сродкаў у спецыяльна ўстаноўленыя месцы, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

У канцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідання цыгарэт. З-за аэрастатаў даводзілася прыпыняць працу аэрапорта ў Вільнюсе, што цягнула за сабой затрымку і адмену рэйсаў. Рэагуючы на гэта, улады Літвы некалькі разоў часова закрывалі пункты пропуску, а 29 кастрычніка ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Праз узмацненне жорсткасці правілаў перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

Падзяліцца: