Лукашэнка заклікаў палякаў не рызыкаваць добрасуседствам
11 лістапада, Позірк. Палякі бачаць і добра разумеюць значнасць міжчалавечых кантактаў і супрацоўніцтва з Беларуссю, прыязнасці і даверу, захавання агульнай хрысціянскай і культурнай спадчыны, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі народу гэтай дзяржавы з Днём незалежнасці.
На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, добрасуседства — “наш бясцэнны дар, якім пры любых абставінах не варта рызыкаваць: замыкаць межы і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку“.
Менавіта таму, падкрэсліў Лукашэнка, Мінск, дэманструючы “прыхільнасць прынцыпам мірнага суіснавання“, увёў бязвізавы рэжым для жыхароў шэрагу еўрапейскіх краін. Гэтым правам, паводле яго слоў, скарысталася “ўжо больш за 120 тыс. польскіх грамадзян“.
“У цяперашні няпросты час асабліва адчувальна ўспрымаюцца каштоўнасці суверэннасці дзяржавы і свабоды народа, які стварае сваю будучыню на аснове нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай мудрасці і падтрымкі ўзаемапаважлівых адносін“, — адзначыў віншавальнік.
У аналагічным леташнім пасланні ён падкрэсліваў, што, “нягледзячы на розныя складанасці, лёс наканаваў нашым народам жыць побач, умацоўваць супрацоўніцтва і сяброўства, агульную хрысціянскую і культурную спадчыну, шырокія сувязі ў разнастайных галінах”. На думку Лукашэнкі, “узрушэнні геапалітычнага і рэгіянальнага характару, ахвярамі якіх становяцца звычайныя людзі, чарговым разам нагадваюць нам пра высокі кошт міру і пацвярджаюць безальтэрнатыўнасць захавання ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх стасункаў”.
У 2023-м Лукашэнка каментаваў вынікі парламенцкай выбарчай кампаніі, якая толькі што прайшла ў краіне, і заяўляў аб “неабгрунтаванай мілітарызацыі“ Польшчы. Тады ён пажадаў жыхарам краіны “бясхмарнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні”.
У 2022 годзе Лукашэнка папракнуў польскіх палітыкаў у тым, што за іх дзеянні “павінны расплачвацца звычайныя грамадзяне“. Сярод пажаданняў было “мірнае неба, салідарнасць і незалежны выбар лёсу і будучыні“.
Пасля падзей 2020 года Лукашэнка традыцыйна не віншуе з нацыянальнымі святамі лідараў большасці краін Захаду, абмяжоўваючыся толькі пасланнямі да іх народаў.
Адносіны Мінска з Варшавай пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі — найбольш складаныя сярод усіх заходніх суседзяў.
Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду грамадзяніну дзвюх краін журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — “Баброўнікі” (з беларускага боку “Бераставіца”). Польскія ўлады наўпрост заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязана адкрыццё пунктаў пропуску. У верасні 2025 года Польшча цалкам закрывала мяжу з Беларуссю праз расейска-беларускія вучэнні “Захад-2025“ і ўварванне дронаў з беларускай тэрыторыі.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўразвяз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта “паклікалі“.
За 10 месяцаў 2025 года, паводле падлікаў “Позірку“ на падставе аператыўных звестак памежных службаў суседніх краін ЕС, спынена 41.160 спробаў — на 20,6% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (34.132), і на 13,4% больш, чым за ўвесь 2024 год (36.291).
Польшча папярэдзіла 28.435 спробаў (на 0,6% больш, чым за студзень — кастрычнік 2024 года; 28.272), Латвія — 11.180 (у 2,2 раза больш; 5.018), Літва — 1.545 (на 83,5% больш; 842).

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь зноў заняла другое месца ў ЕАЭС па кошту бензінуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапасы новых і патрыманых легкавых аўто на складах павялічыліся за год у 1,7 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаВосем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентаміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 6–10 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка

