Мінск 20:54

Лукашэнка падпісаў указ для “актывізацыі” продажу пустуючых сельскіх дамоў

10 лістапада, Позірк. Указ “Аб удасканаленні парадку продажу сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых памяшканняў” падпісаў 10 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Адзначаецца, што дакумент накіраваны на “актывізацыю працы па ўключэнні ў гаспадарчы абарот пустуючых незаселеных жылых дамоў сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай”.

У адпаведнасці з указам сельскагаспадарчым арганізацыям — уласнікам пустуючага жылля пры продажы яго на аўкцыёне будзе дазволена зніжаць пачатковую цану жылых памяшканняў пры правядзенні паўторных таргоў на 50%, наступных — на 80% (цяпер кожны наступны аўкцыён цана зніжаецца на 10% ад пачатковай).

У выпадку, калі аўкцыён не адбыўся і пасля зніжкі на 80%, такія дамы можна будзе прадаваць за адну базавую велічыню (цяпер — 42 рублі).

Прадугледжваецца, што канкрэтны памер паніжэння пачатковай цаны пры правядзенні паўторных аўкцыёнаў і магчымасць продажу жылых памяшканняў за адну базавую велічыню будуць устанаўлівацца са згоды мясцовых выканкамаў.

17 кастрычніка Дзяржаўны камітэт па маёмасці паведаміў, што з пачатку 2025 года 5.268 пустуючых дамоў ўцягнутыя ў гаспадарчы абарот — на 33% больш, чым за той жа перыяд 2024 года. Прададзена было 1.138 дамоў, з іх 415 — за адну базавую велічыню.

16 лістапада 2024 года ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі” Лукашэнка заявіў, што сёння “многія хочуць мець свой дом у вёсцы”, у той жа час у Беларусі застаецца “нямала пустуючых дамоў” у сельскай мясцовасці.

Паводле яго слоў, на той час больш за 1.000 такіх дамоў ужо прадалі, у тым ліку 650 — за адну базавую велічыню (тады — 40 рублёў). У рэестры фігуравала яшчэ 22 тыс. прапаноў, паведаміў Лукашэнка.

“Актыўна працягвайце дадзеную працу без цяганіны і бюракратызму, — сказаў ён. — Нішто не перашкаджае сёння купіць сорак сотак [зямлі] і стары дом. Не падабаецца — руйнуй. Падабаецца — адрамантуй. Хай будзе. Даглядай за гэтымі сарака соткамі, хто яго ведае, як жыццё складзецца. Мы ж беларусы, усё можа быць”.

“І гэты кавалак зямлі вас заўсёды будзе ратаваць. Будзе ўсё добра, як цяпер, і дзякуй богу. Унукі, дзеткі прыедуць. Працэс пайшоў, але вельмі павольна. Хутчэй да нас нашы суседзі прыязджаюць. Цэняць нашу бяспеку, спакой і купляюць гэтыя кавалачкі зямлі”, — дадаў ён тады.

29 траўня гэтага года на першым пасяджэнні з урадам новага складу Лукашэнка прапанаваў дарыць маладым спецыялістам ветлыя дамы ў “мядзведжых кутах”.

Падзяліцца: