Мінск 15:50

Лукашэнка заявіў, што беспілотнікі ва ўмовах Беларусі “не такія эфектыўныя” і заклікаў мець “свае ўзбраенні”

Беларускі дрон — частка комплексу супрацьдзеяння беспілотнікам "Міратворац"
Ілюстрацыйнае фота: А. Крываносаў / "Ваенная справа"

10 лістапада, Позірк. “Мець свае ўзбраенні” заклікаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 10 лістапада ў Мінску.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, палітык “нагадаў, што Беларусь — дзякуючы добрым стасункам з Расіяй — сёння мае тактычную ядзерную зброю, а ўжо ў снежні на баявое дзяжурства паступіць комплекс “Арэшнік”.

“Так, сапраўды расіяне дапамагалі, дапамагаюць і будуць дапамагаць у сілу той палітыкі, якую мы праводзім адносна Расіі. Але асноўныя ўзбраенні нам трэба мець свае, — заявіў Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю: ракеты — гэта добра. Але ваяваць будуць людзі. І тыя ўзбраенні, якія людзям патрэбныя, мы павінны ствараць. Не будуць такія эфектыўныя беспілотнікі ў нас, як у стэпе і гэтак далей. У нас лясны масіў, не так проста беспілотнікамі ваяваць”.

Лукашэнка патлумачыў, што гаворка ідзе пра аўтаматы, кулямёты і пісталеты, а таксама пра вайсковую тэхніку. Паводле яго слоў, цяпер актуальна выкарыстанне малых мабільных груп: “Прыехала вайсковая тэхніка (дзесяць салдат — аддзяленне) — канфлікт ва Украіне паказвае гэта — мабільныя групы нанеслі ўдар і ўцяклі. На гэтай жа машыне паехалі хутка”.

“Мы маем такія машыны. Ды і кітайцы нам прапануюць, расіяне. Але ў нас свае вельмі добрыя — “Волат” — выпускаем аўтамабілі. Усё адно гэты род войскаў [у выпадку ваеннага канфлікту] будзе вырашаць гэтыя праблемы на нашай тэрыторыі. На іншых тэрыторыях мы не збіраемся ваяваць. Нам не трэба захопліваць Літву, Латвію, Польшчу. Нам сваёй зямлі дастаткова, таму мы будуем сваю абарону”, — заявіў палітык.

Наведваючы 31 кастрычніка Лепельскі раён (Віцебская вобласць), Лукашэнка “пацвердзіў планы” па размяшчэнні расійскага комплексу “Арэшнік” у Беларусі. “Арэшнік” — страшная зброя. У снежні стане на баявое дзяжурства, — сказаў ён. — Навошта? Я хачу, каб яны [за мяжой] разумелі, што мы можам бахнуць, калі будзе дрэнна. Вось мы сядзем з [прэзідэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным, прымем рашэнне і бахнем. Таму не нарывайцеся”.

Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абароне суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.

Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, але такой агрэсіі, што стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Напрыканцы мінулага месяца арганізацыя BelPol абнародавала аналітычны матэрыял, у якім адзначыла прыкметы паскоранай мілітарызацыі эканомікі Беларусі.

Гэты працэс, паводле яе звестак, з’яўляецца не проста следствам палітычнага збліжэння Мінска і Масквы, а вынікам мэтанакіраванай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, “скіраванай на структурную інтэграцыю беларускага прамысловага патэнцыялу ў абаронны комплекс РФ”.

BelPol на канкрэтных прыкладах паведаміў пра разгалінаваную сістэму супрацы паміж беларускімі прадпрыемствамі і расійскім ВПК па ўсіх напрамках.

“Падобная кааперацыя фактычна ператварае Беларусь у “індустрыяльны тыл” расійскай ваеннай машыны, і спіс беларускіх прадпрыемстваў, уцягнутых у гэта, можна працягваць практычна бясконца”, — адзначыла арганізацыя.

Падзяліцца: