МЗС пагражае “ўсімі прадугледжанымі законам мерамі” ў дачыненні да захраснулых у Беларусі літоўскіх фур

10 лістапада, Позірк. Мінск “пакідае за сабой права выкарыстаць усе прадугледжаныя законам меры ў дачыненні да [літоўскага] транспарту, які застаўся на тэрыторыі [Беларусі]”, гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных спраў.
На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што цяпер на беларускай тэрыторыі знаходзіцца больш за 1,1 тыс. грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў. Каб “гарантаваць бяспеку і захаваць транспарт”, Беларусь, як сцвярджаецца, “перамяшчае іх на адмыслова абсталяваныя стаянкі ля пункта Катлоўка (з літоўскага боку Лаварышкес, які не працуе з ініцыятывы Вільнюса з 1 сакавіка 2024 года. — “Позірк”.)”. Пры гэтым кіроўцам, як заяўляецца, “дадзеная магчымасць пакінуць тэрыторыю Беларусі і вярнуцца да месца пастаяннага пражывання да аднаўлення працы мяжы літоўскім бокам”.
Мінск падкрэсліў, што ўсе страты і затрымкі з’яўляюцца вынікам “палітызаваных і неабдуманых рашэнняў літоўскіх уладаў”.
8 лістапада МЗС заявіла пра беспадстаўнасць заяў літоўскага боку пра “забарону на вяртанне літоўскіх грузавікоў” з беларускай тэрыторыі.
“Беларусь нікому і нічога не забараняла, — гаварылася ў заяве ведамства. — Мяжа закрытая на падставе рашэння літоўскага боку, і менавіта Вільнюс нясе адказнасць за яго скасаванне. Як толькі Літва здыме абмежаванні, усе грузавыя аўтамабілі змогуць вярнуцца дадому ў парадку жывой чаргі”.
Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.
7 лістапада Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні ў дачыненні да дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”. Пры гэтым іх сутнасць дагэтуль не раскрытая.
На фоне адмовы Беларусі прапусціць літоўскія фуры ў тым ліку праз “эвакуацыйны калідор”, які Вільнюс гатовы арганізаваць у пункце Шальчынінкай, дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Дабравольскас заявіў, што “па меры далейшай эскалацыі сітуацыі” не выключаныя “доўгатэрміновыя абмежаванні на перавозку беларускіх тавараў па чыгунцы” праз Літву. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “на гэты час пра гэта пакуль не вядуцца размовы”.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 10 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь шосты месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт перавысіла 20 млн (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаЗа восем дзён лістапада Літва не зафіксавала спробаў незаконнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка


