Мінск 02:16

“Працуем з ім, каб вярнуць нашых людзей дадому, спыніць рэпрэсіі” — Ціханоўская вітала намінаванне Коўла на пасаду спецпасланніка па Беларусі

Святлана Ціханоўская і Джон Коўл (перад калонай) у чаканні вызваленых палітвязняў 11 верасня 2025 года ў Вільнюсе
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

9 лістапада, Позірк. “Важным і абнадзейваючым крокам” назвала Святлана Ціханоўская рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа намінаваць Джона Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка па Беларусі. Гэта “знак таго, што Беларусь і нашы палітвязні застаюцца ў фокусе ўвагі Злучаных Штатаў”, заявіла дэмакратычны лідар, якую цытуе яе прэс-служба.

“Хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу за гэта рашэнне і за ўсе ягоныя намаганні дзеля вызвалення людзей. Толькі за апошнія месяцы дзякуючы ягонай камандзе амаль 100 беларускіх палітычных закладнікаў выйшлі на волю. За гэтай лічбай — жывыя людзі, іх сем’і, іх боль і чаканне. І цяпер мы чакаем новых вызваленняў”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Яна паведаміла, што “разам з Джонам Коўлам і яго камандай” дэмсілы “ўжо некалькі месяцаў” працуюць над тым, “каб вярнуць нашых людзей дадому, каб спыніць рэпрэсіі, каб даць надзею тым, хто ўсё яшчэ за кратамі”. “Мы цэнім гэтыя высілкі і будзем рабіць усё, каб як мага хутчэй пабачыць усіх на волі”, — заявіла палітык.

Яна нагада, што ў верасні разам з Коўлам у амбасадзе ЗША ў Вільнюсе сустракала “вызваленых закладнікаў” (так сам Трамп назваў палітвязняў у паведамленні пра намінацыю Коўла). “Мы працягнем разам з нашымі партнёрамі дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і сапраўдных пераменаў у Беларусі”, — сказала Ціханоўская.

Гл. па тэме:

Трамп намінаваў Коўла на пасаду свайго спецпасланніка па Беларусі, чакае вызвалення 50 “закладнікаў” замест 1.500 (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Санкции царапают, а решетки калечат. Сейчас время спасать пленников режима (на рускай мове)

Падзяліцца: