Мінск 17:12

Былы палітвязень Лосік паведаміў пра здзекі з Віктара Бабарыкі ў наваполацкай калоніі

Віктар Бабарыка да арышту
Фота: фэйсбук-акаўнт Віктара Бабарыкі

9 лістапада, Позірк. Пяты дзень нараджэння сустракае ў няволі палітвязень, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктар Бабарыка. 9 лістапада яму споўнілася 62 гады.

Былы палітвязень, супрацоўнік радыё “Свабода” Ігар Лосік у дзень нараджэння Бабарыкі паведаміў у “Фэйсбуку” пра здзекі з яго ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.

Мяркуючы па кантэксце, апісваныя падзеі адбываліся з лета 2022 года да вясны 2023-га.

“Я быў на 7-м атрадзе, а ён на 6-м. Размаўляць з ім нікому было нельга пад пагрозай з’ехаць у ШІЗА на 10 сутак. Калі я заехаў, ён працаваў на пякарні, з ім у секцыі і на працы побач хадзілі спецыяльна падабраныя зняволеныя, якія сачылі за кожным яго крокам і бегалі ў апер. частку калі што ўсё распавядаць. Нягледзячы на гэта, усё роўна знаходзіліся людзі, якія не баяліся і пагаварыць з ім, і гарбату разам папіць, хоць ён папярэджваў заўсёды, чым гэта пагражае”, — піша Лосік (арфагрфія захаваная).

Паводле яго слоў, у лютым на падставе “паперы з упраўлення” абодвух змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) “з выдуманых прычын” з наступным рэжымам інкам’юнікада і бясконцымі ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — “Позірк”.) па 6 месяцаў”.

“Калі я да ПКТ адседзеў запар 25 сутак ШІЗА, то над ім (Бабарыкам. — “Позірк”.) здзекаваліся: давалі 5 сутак, адпускалі пераначаваць на атрад, на наступны дзень зноў 5 сутак і так шматкроць. Саджалі з ім абсалютна шалёных і неадэкватных людзей, сядзеў ён у асноўным у 10 камеры, яна трохмясцоўка і вельмі маленькая і адна з самых халодных, а люты тады быў жэстачайшы, я, напрыклад, адмарозіў пальцы на нагах”, — адзначае Лосік.

“Да яго, — працягвае былы палітвязень, — саджалі аднаго дзеда (прозвішча Жалевіч), які быў у поўным маразме і кідаўся ежай, маляваў на сценах сваімі фекаліямі і наогул не разумеў, дзе ён і хто ён. Усім было зразумела, што яму засталося нядоўга, і ён неўзабаве памёр. Думаю, тыя некалькі ледзяных тыдняў у ШІЗА яго дабілі”.

Нягледзячы на гэта, Бабарыка ніколі не губляў духу, усё выносіў “устойліва і з гонарам”, “ні на якія саступкі не ішоў, нават улічваючы, што ў яго сын [Эдуард] у закладніках”, падкрэслівае Лосік.

“Потым мы даведаліся, што ён трапіў у бальніцу. Я чуў шмат версій, але самая распаўсюджаная была, што з-за недасыпання пастаяннага ад холаду і нечалавечых умоў яму стала дрэнна ў шпацырным дворыку, ён упаў, зламаў рабро і яно яму праткнула лёгкае”, — дзеліцца аўтар.

Паводле слоў Лосіка, у 2024 годзе яму ўдалося мімаходам убачыць Бабарыку, “і ён быў вельмі худы”. “Сядзелі мы ў суседніх камерах з ім і яшчэ з [Анджэем] Пачобутам побач. 2 гады пад пастаяннымі рапартамі з выдуманымі парушэннямі”, — піша былы палітвязень.

Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года, за паўтара месяца да прэзідэнцкіх выбараў, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці, 14 снежня 2021 года асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі. 11 верасня 2025 года вызвалены і вывезены ў Літву ў рамках дамоўленасцяў паміж Вашынгтонам і Мінскам.

Віктар Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні з 18 чэрвеня 2020 года. Абвінавачаны ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. 6 ліпеня 2021 года прысуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам. Тры гады ўтрымліваўся ў СІЗА без рашэння суда. Працэс пачаўся 22 траўня і завяршыўся 5 ліпеня 2023 года — 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў адмыванні даходаў і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 9 ліпеня 2024 года атрымаў яшчэ 2 гады паводле абвінавачвання ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

13 лістапада арганізацыя “Прававая ініцыятыва” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставяць даклад аб катаваннях у наваполацкай калоніі.

Падзяліцца: