Мінск 17:10

Падыход ЕС аб абмежаванні выдачы шматразовых шэнгенскіх віз не распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі — Латушка

Ілюстрацыя: "Позірк"

9 лістапада, Позірк. Падыход Еўрапейскага саюза аб абмежаванні выдачы шматразовых шэнгенскіх віз не распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі, паведаміў “Позірку” намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле слоў палітыка, ён звярнуўся з адпаведным запытам у Еўрапейскую службу замежных дзеянняў у сувязі з рашэннем ЕС абмежаваць выдачу шматразовых шэнгенскіх віз грамадзянам Расіі.

“Мною атрыманы адказ, што дадзены падыход тычыцца толькі грамадзян Расійскай Федэрацыі“, — сказаў Латушка.

6 лістапада Еўрапейская камісія прыняла рашэнне абмежаваць кола грамадзян РФ, якім можа быць выдадзена шматразовая шэнгенская віза, сваякамі грамадзян краін — членаў ЕС (на 1 год пры наяўнасці трох віз за апошнія два гады) і працаўнікамі транспартнай галіны (на 9 месяцаў пры наяўнасці дзвюх віз за апошнія два гады). Астатнія могуць прэтэндаваць толькі на аднаразовую візу.

“Незаконнае ўварванне Расіі ва Украіну стварыла найбольш небяспечную пагрозу бяспецы ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі. Зараз мы сутыкаемся з беспрэцэдэнтным уварваннем дронаў і сабатажам на нашай тэрыторыі. Мы абавязаны абараняць сваіх грамадзян. Цяпер да грамадзян Расіі, якія запытваюць візу для паездкі ў ЕС, будуць выкарыстоўвацца больш строгія правілы. Магчымасць уезду ў ЕС і свабоднага перамяшчэння па яго тэрыторыі — гэта прывілей, а не нешта само сабой разумеецца“, — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.

Беларускія ўлады адкрыта падтрымліваюць Крэмль у яго агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку рыштункам і боепрыпасамі, аднак пакуль не задзейнічае свае войскі.

Падзяліцца: