Літоўскія грузавікі змогуць вярнуцца дадому, калі Вільнюс здыме абмежаванні — МЗС Беларусі

8 лістапада, Позірк. Міністэрства замежных спраў Беларусі лічыць беспадстаўнымі заявы прадстаўнікоў уладаў Літвы пра “забарону на вяртанне літоўскіх грузавікоў” з беларускай тэрыторыі.
“Беларусь нікому і нічога не забараняла, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на старонцы знешнепалітычнага ведамства ў “Фэйсбуку”. — Мяжа закрытая на падставе рашэння літоўскага боку, і менавіта Вільнюс нясе адказнасць за яго скасаванне. Як толькі Літва здыме абмежаванні, усе грузавыя аўтамабілі змогуць вярнуцца дадому ў парадку жывой чаргі”.
МЗС папракнула ўлады Літвы ў тым, што “замест рэальных крокаў па вырашэнні сітуацыі, якую самі ж і стварылі”, яны “лічаць за лепшае ўводзіць у зман уласных перавозчыкаў і кіроўцаў, спрабуючы перакласці адказнасць на Беларусь”.
“Спадзяемся на больш хуткае аднаўленне нармальнай працы мяжы і канструктыўных двухбаковых стасункаў”, — адзначана ў заяве.
Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.
7 лістапада Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні ў дачыненні да дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”. Пры гэтым іх сутнасць дагэтуль не раскрытая.
На фоне адмовы Беларусі прапусціць літоўскія фуры ў тым ліку праз “эвакуацыйны калідор”, які Вільнюс гатовы арганізаваць у пункце Шальчынінкай, дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Дабравольскас заявіў, што “па меры далейшай эскалацыі сітуацыі” не выключаныя “доўгатэрміновыя абмежаванні на перавозку беларускіх тавараў па чыгунцы” праз Літву. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “на гэты час пра гэта пакуль не вядуцца размовы”.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаСхільныя да крэдытнай рызыкі актывы банкаў за месяц павялічыліся на 10,1% — аналіз даных рэгулятараМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася на 6,6 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка


