Мінск 21:44

Больш за 5 тыс. транспартных сродкаў чакае выезду з Беларусі ў пунктах пропуску на мяжы з ЕС

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

8 лістапада, Позірк. Выезду з Беларусі ў пунктах пропуску на мяжы з краінамі Еўрасаюза на 18:00 8 лістапада чакала 5.252 транспартныя сродкі, сведчаць даныя на сайце Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Згодна з запісамі ў электроннай чарзе, найбольш загружаны польскі кірунак. Праз пункт пропуску Брэст (з боку Польшчы — Цярэспаль) выезду чакала 3.130 легкавых аўтамабіляў і 55 аўтобусаў, праз пункт Казловічы (Кукурыкі) — 1.000 грузавых аўтамабіляў.

Перад закрытай літоўскай мяжой у беларускіх пунктах пропуску Каменны Лог (Мядзінінкай) і Беняконі (Шальчынінкай) стаяла 380 і 407 грузавікоў адпаведна.

Выезду праз пункт пропуску Грыгораўшчына (з латвійскага боку — Патэрніекі) чакала 280 грузавікоў.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на ​​гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Дакумент, па сутнасці, пашырыў забаронныя меры, прапісаныя ў пастанове ўрада № 247 ад 22 красавіка 2022 года “Аб перамяшчэнні транспартных сродкаў”. Тады зарэгістраваным у ЕС грузавым аўтамабілям і цягачам было дазволена перасякаць мяжу і рухацца толькі ў адмыслова адведзеныя месцы, каб перамясціць груз або перачапіць яго на транспарт, якому дазволена свабодна перамяшчацца па Беларусі. У наступныя гады ўмовы неаднаразова ўдакладняліся, пастрожваліся, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў.

Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

7 лістапада Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні ў дачыненні да дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”. Пры гэтым іх сутнасць дагэтуль не раскрытая.

На фоне адмовы Беларусі прапусціць літоўскія фуры ў тым ліку праз “эвакуацыйны калідор”, які Вільнюс гатовы арганізаваць у пункце Шальчынінкай, дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Дабравольскас заявіў, што “па меры далейшай эскалацыі сітуацыі” не выключаныя “доўгатэрміновыя абмежаванні на перавозку беларускіх тавараў па чыгунцы” праз Літву. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “на гэты час пра гэта пакуль не вядуцца размовы”.

28 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Баброўнікі (Бераставіца; закрыты ў лютым 2023 года пасля асуджэння актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута) і Кузніца (Брузгі; закрыты ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс).

Аднак праз некалькі дзён, 30 кастрычніка, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што Варшава адклала адкрыццё гэтых пагранпераходаў на некалькі тыдняў.

Падзяліцца: