Мінск 16:13

У Мельбурне Ціханоўская заклікала Аўстралію падтрымліваць беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзы

Мельбурн, Аўстралія
Ілюстрацыйнае фота: Dmitry Osipenko / unsplash.com

8 лістапада, Позірк. На сустрэчах у Мельбурне дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сярод іншага заклікала падтрымліваць беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзы, вынікае з паведамлення прэс-службы палітыка.

Першы візіт дэмлідара ў гэты рэгіён распачаўся на пачатку месяца. 3 лістапада яна наведала Новую Зеландыю, з 4 па 8 лістапада знаходзіцца ў Аўстраліі. У Мельбурн яна прыбыла 7 лістапада, да гэтага пабываўшы ў Сіднэі і Канбэры.

У Мельбурне — другім па велічыні аўстралійскім горадзе — палітык таксама абмяркоўвала пытанні “міжнароднай адказнасці і правасуддзя”, “удзелу Аўстраліі ў санкцыях супраць рэжымаў” Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, “развіцця беларуска-аўстралійскіх сувязяў, адукацыі і культуры”, “абароны беларускай дыяспары ад пераследу”, праблемы “легалізацыі і прызнання пратэрмінаваных пашпартоў”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, падтрымку беларускіх рабочых і палітвязняў дэмлідар абмеркавала з кіраўніком Аўстралійскай рады прафсаюзаў (ACTU) Мішэль О’Ніл; стварэнне групы “За дэмакратычную Беларусь” і патэнцыйныя праграмы рэабілітацыі беларускіх добраахвотнікаў, што змагаліся за Украіну, — з прадстаўнікамі парламента штата Вікторыя.

Палітык таксама выступіла ў Аўстралійскім інстытуце міжнародных стасункаў (AIIA); сустрэлася з кіраўніцтвам і студэнтамі Тэхналагічнага ўніверсітэта Суінбёрна, дзе прачытала лекцыю “Беларусь і будучыню дэмакратыі”, а таксама з прадстаўнікамі “акадэмічнай і дыпламатычнай супольнасці”.

“Вельмі каштоўныя сустрэчы і важны візіт. Мы шукаем і знаходзім саюзнікаў свабоднай Беларусі па ўсім свеце. Пасля гэтага візіту нашая супраца выйдзе на новы ўзровень, і Аўстралія з Новай Зеландыяй будуць яшчэ больш актыўна выступаць па беларускім пытанні. Дамовіліся і на практычныя крокі — паступова будзем іх рэалізоўваць”, — заявіла Ціханоўская.

Падзяліцца: