У Літве затрымана двое грамадзян з кантрабанднымі цыгарэтамі, як мяркуецца, дастаўленымі па паветры, яшчэ двое змаглі збегчы

8 лістапада, Позірк. Двух грамадзян з кантрабанднымі цыгарэтамі, як мяркуецца, дастаўленымі па паветры, затрымалі на гэтым тыдні літоўскія памежнікі, яшчэ двое змаглі збегчы, вынікае з паведамлення, апублікаванага 8 лістапада Службай аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.
Паводле інфармацыі ведамства, 4 лістапада на дарозе ля вёскі Спенгла (Варэнскі раён Алітускай акругі; мяжуе з Гродзенскім і Воранаўскім раёнамі Гродзенскай вобласці) памежнікі паспрабавалі спыніць два аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй, якія ехалі адзін за адным. Адзін з іх — “Аўдзі А6” — спыніўся, другі — “Шкода Актавія” — павялічыў хуткасць і памчаўся далей.
Пасля непрацяглай пагоні “Шкода” павярнула на поле, дзе атрымала пашкоджанні і не змагла працягваць рух. Двое мужчын, якія знаходзіліся ўнутры, уцяклі ў бок лесу. Да пошуку ўцекачоў прыцягнулі кінолага з сабакам, але знайсці іх не атрымалася. У багажніку кінутага аўтамабіля памежнікі знайшлі 12 кардонных скрынь з лагатыпамі тытунёвай фабрыкі “Нёман”, у якіх агулам было 6 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт NZ Gold (кошт з улікам усіх абавязковых падаткаў — 28.680 еўра).
У аўтамабілі “Аўдзі” было знойдзена пяць GPS-перадатчыкаў. Двое жыхароў Шальчынінкскага раёна Вільнюскай акругі (29 і 30 гадоў), якія знаходзіліся ўнутры, затрыманыя “паводле падазрэння ва ўдзеле ў арганізаванай групе, што займалася перавозкай кантрабанды”. 6 лістапада суд на падставе хадайніцтва пракурора пастанавіў арыштаваць іх на месяц. Уцекачоў па-ранейшаму шукаюць.
Знойдзеныя ў “Шкодзе” цыгарэты, як мяркуе САДМ, былі дастаўленыя ў Літву з дапамогай паветраных шароў.
Па факце “незаконнага распараджэння падакцызнымі таварамі” і “кантрабанды” Следчае ўпраўленне Крымінальных расследаванняў САДМ распачало дасудовае расследаванне. У Літве гэтыя дзеі караюцца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў.
Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт.
Некалькі разоў Вільнюс часова закрываў пункты пропуску, 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
Дакумент, па сутнасці, пашырыў забаронныя меры, прапісаныя ў пастанове ўрада № 247 ад 22 красавіка 2022 года “Аб перамяшчэнні транспартных сродкаў”. Тады зарэгістраваным у ЕС грузавым аўтамабілям і цягачам было дазволена перасякаць мяжу і рухацца толькі ў адмыслова адведзеныя месцы, каб перамясціць груз або перачапіць яго на транспарт, якому дазволена свабодна перамяшчацца па Беларусі.
У наступныя гады ўмовы неаднаразова ўдакладняліся, пастрожваліся, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў.
7 лістапада Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні адносна дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”. Пры гэтым іх сутнасць не раскрываецца.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Хроніка палітычных рэпрэсій за 6 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка



