Мінск 13:01

Новая павераная ў справах Германіі мае намер вучыць беларускую мову

Катрын аўс дэм Зіпен
Фота: амбасада ФРГ у Беларусі

7 лістапада, Позірк. Новая павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен вывучае рускую мову і мае намер вучыць беларускую, паведамляе амбасада ФРГ у матэрыяле аб дыпламаце.

Аўс дэм Зіпен афіцыйна прыступіла да выканання абавязкаў 23 кастрычніка пасля перадачы копій даверчых грамат у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Пасля прызначэння аўс Дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

1 кастрычніка яна ўзяла ўдзел у прыёме з нагоды 35-годдзя аб’яднання Германіі (3 кастрычніка 1990 года).

Дыпламат працавала ў замежных прадстаўніцтвах ФРГ у Люксембургу (1996–1999), Шанхаі (1999–2003) і Маскве (2006–2009). Да прыезду ў Мінск займала пасаду кіраўніка аддзела палітыкі нямецкай амбасады ў Парыжы (2020–2025).

Катрын аўс дэм Зіпен “надае вялікую ўвагу развіццю германа-французскай дружбы, што яна не ў апошнюю чаргу пацвярджае сваёй біяграфіяй“, адзначаецца ў паведамленні дыппрадстаўніцтва Германіі ў Мінску. Падкрэсліваецца, што аўс дэм Зіпен — “дасведчаны дыпламат са свежым поглядам, якая з вялікай цікаўнасцю знаёміцца з новай краінай і яе людзьмі“.

“Сп. аўс дэм Зіпен замужам, у яе чацвёра дзяцей. Яна адчувае асаблівую любоў да класічнай музыкі і з вялікім задавальненнем грае на фартэпіяна. Акрамя таго, яна мае слабасць да рэтра-аўтамабіляў“, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў (Будапешт і Браціслава падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з мінскім і маскоўскім рэжымамі), узначальваюць часовыя павераныя ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Папярэдніца Катрын аўс дэм Зіпен Андрэа Віктарын таксама была часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

28 траўня на дзяржканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім беларускія сілавікі абвінавацілі рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданняў “Вольнае Глыбокае“ (Віцебская вобласць), “Бабруйск Інфа“ і “Вечерний Бобруйск“ (Магілёўская вобласць) у тым, што яны нібыта пісалі замоўныя матэрыялы пра Германію і атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне ад нямецкай амбасады.

Прапагандыст Ігар Тур сцвярджаў, што з 2020 года “нямецкая амбасада выдаткавала блізу 226 тыс. долараў на артыкулы рэкламнага характару, якія праслаўляюць нібыта выдатную Германію ў параўнанні з нібыта менш выдатнай Беларуссю”.

Таксама ў сюжэце згадвалася выданне з Горак (Магілёўская вобласць) “Узгорак”, якое спыніла выходзіць у 2022 годзе і нібыта таксама супрацоўнічала з амбасадай Германіі. Дэманстраваліся таксама кадры сачэння за супрацоўнікамі дыпмісіі.

Падзяліцца: