Мінск 22:28

Створана камісія па бюджэце Каардынацыйнай рады, яе ўзначаліў Алесь Міхалевіч

6 лістапада, Позірк. Агульным пасяджэннем Каардынацыйнай рады прынята рашэнне аб стварэнні камісіі па бюджэце Каардынацыйнай рады, паведамляе прэс-служба КР.

Яе ўзначаліў прадстаўнік фракцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” Алесь Міхалевіч.

Мэтай камісіі заяўлена экспертная падрыхтоўка праекту бюджэту на дзейнасць КР і забеспячэнне празрыстасці фінансавых працэсаў у ёй.

“Асноўныя задачы камісіі: падрыхтоўка рэкамендацый пры фармаванні бюджэта дзейнасці КР, разгляд праекта бюджэта і прадстаўленне заключэння перад яго вынясеннем на агульнае пасяджэнне”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама новая адзінка будзе займацца падрыхтоўкай заключэння па выніках выканання бюджэта, запытваць у сакратарыята КР актуальную інфармацыю.

50-гадовы Міхалевіч — юрыст і палітык, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, пасля якіх з’яўляўся абвінавачаным па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках”, вымушана пакінуў Беларусь.

Яго адвакацкае бюро ў Польшчы спецыялізуецца на абароне ад міжнароднага пераследу грамадзян з краін з аўтарытарнымі рэжымамі, мае практыку працы з Інтэрполам і шэрагам праваабарончых арганізацый.

Падзяліцца: