Мінск 18:21

Мінск адмовіў Вільнюсу ў вяртанні літоўскіх фур, што захраснулі ў Беларусі, да адкрыцця мяжы

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

6 лістапада, Позірк. Мінск адмовіў Вільнюсу ў магчымасці вяртання літоўскіх фур, што захраснулі ў Беларусі, на гэтым этапе, вынікае з заявы прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Руслана Варанкова.

Спікер знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што “рашэнне пра закрыццё мяжы было прынятае выключна літоўскім бокам у аднабаковым парадку”. У гэтай сітуацыі Беларусь “не нясе адказнасці за яго негатыўныя наступствы, якія аказаліся шматграннымі — ад праблем з грузавым транспартам да істотнай шкоды, нанесенай не толькі беларускім грамадзянам і бізнесу, самаму літоўскаму боку, але і грамадзянам трэціх краін, уключаючы дзяржавы — члены ЕС”.

Мінск “настойліва заклікаў” літоўскія ўлады скасаваць сваё рашэнне і аднавіць функцыянаванне пагранпераходаў для грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў.

“Пра прыняццё якіх-небудзь выбарачных мер не можа быць і гаворкі, — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС. — У інтарэсах сваіх грамадзян Беларусь у любы час гатовая да дыялогу, скіраванага на ўрэгуляванне існых праблем працы пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу”.

5 лістапада прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што літоўскія ўлады вядуць перамовы па пытанні вяртання фур.

“Гэты працэс ужо ідзе, дамоўленасць у працэсе. Паглядзім, якімі будуць вынікі, і прыкладзем усе намаганні, каб літоўскія грузавікі вярнуліся дадому. Аднак межы застануцца закрытымі”, — адзначала кіраўніца урада.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў — такіх, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты. Некалькі разоў Вільнюс часова закрываў пункты пропуску, 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніла зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Дакумент, па сутнасці, пашырыў забаронныя захады, прапісаныя ў пастанове ўрада № 247 ад 22 красавіка 2022 года “Аб перамяшчэнні транспартных сродкаў”. Тады зарэгістраваным у ЕС грузавым аўтамабілям і цягачам было дазволена перасякаць мяжу і рухацца толькі ў спецыяльна адведзеныя месцы, каб перамясціць груз або перачапіць яго на транспарт, якому дазволена свабодна перамяшчацца па Беларусі.

У наступныя гады ўмовы неаднаразова ўдакладняліся, пастрожваліся, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў.

Падзяліцца: