Мінск 18:24

За дзесяць месяцаў фізічныя асобы прадалі наяўнай валюты на 2,3 млрд долараў больш, чым набылі

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey / unsplash.com

6 лістапада, Позірк. У студзені — кастрычніку 2025 года насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 10 млрд 586,1 млн долараў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 11 млрд 957,4 млн (адмоўнае сальда — 1 млрд 371,4 млн).

Наяўнай валюты набыта на 6 млрд 987 млн, прададзена — на 9 млрд 299,9 млн (-2 млрд 312,9 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 599,1 млн і 2 млрд 657,5 млн адпаведна (+941,5 млн).

Сітуацыя па месяцах:

  • студзень: набылі — 919,2 млн долараў, прадалі — 942 млн, сальда — -23,1 млн;
  • люты: набылі — 1 млрд 1,6 млн, прадалі — 986,6 млн, сальда — +15 млн;
  • сакавік: набылі — 1 млрд 42,9 млн, прадалі — 1 млрд 83,9 млн, сальда — -41 млн;
  • красавік: набылі — 995,5 млн, прадалі — 1 млрд 184,4 млн, сальда — -188,9 млн;
  • травень: набылі — 1 млрд 26,2 млн, прадалі — 1 млрд 204,7 млн, сальда — -178,5 млн;
  • чэрвень: набылі — 1 млрд 52,7 млн, прадалі — 1 млрд 286,2 млн, сальда — -233,5 млн;
  • ліпень: набылі — 1 млрд 150,6 млн, прадалі — 1 млрд 346,9 млн, сальда — -196,3 млн;
  • жнівень: набылі — 1 млрд 88 млн, прадалі — 1 млрд 264,2 млн, сальда — -176,2 млн;
  • верасень: набылі — 1 млрд 133 млн, прадалі — 1 млрд 322 млн, сальда — -189 млн;
  • кастрычнік: набылі — 1 млрд 176 млн, прадалі — 1 млрд 371 млн, сальда — -195 млн.

Для параўнання: у 2024 годзе фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 11 млрд 73,5 млн долараў, прадалі — на 12 млрд 770,1 млн (адмоўнае сальда — 1 млрд 696,6 млн). Наяўнай валюты было набыта на 7 млрд 443,9 млн, прададзена — на 10 млрд 109,8 млн (-2 млрд 665,8 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 629,6 млн і 2 млрд 660,3 млн адпаведна (+969,2 млн).

Напрыканцы траўня старшыня Нацбанка Раман Галоўчанка назваў “чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання” адным з двух фактараў, якія паўплывалі на рост міжнародных актываў. “Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку”, — заявіў ён.

Як паведамляў “Позірк”, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лістапада 2025 года склалі 13 млрд 725 млн долараў у эквіваленце, што з’яўляецца новым рэкордам.

За верасень золатавалютныя рэзервы (ЗВР) выраслі на 441,1 млн долараў (+3,32%).

Манетарнае золата ў структуры ЗВР складае 6 млрд 944,5 млн долараў (+315,3 млн за месяц; +4,76%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 410,7 млн (+1 млн; +0,07%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 369,7 млн ​​(+124,8 млн; +2,38%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На 1 студзеня рэзервовыя актывы складалі 8 млрд 922,6 млн долараў. Такім чынам, за дзесяць месяцаў яны выраслі на 4 млрд 777,4 млн долараў (+53,54%).

Афіцыйны курс доалара ў Беларусі за 10 месяцаў 2025 года знізіўся на 14,29% (з 3,4735 да 2,9772 рублі) — гэта трэці паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2024 года і 31 кастрычніка 2025-га (па выніках студзеня, студзеня — лютага, студзеня — сакавіка, студзеня — красавіка, студзеня — траўня, студзеня — чэрвеня, студзеня — ліпеня, студзеня — жніўня было другое месца, -1,73%, -8,54%, -10,25%, -12,16%, -13,7% -14,3% адпаведна; студзеня — верасня — трэцяе, -12,92%).

У 2024 годзе афіцыйны курс долара ў Беларусі вырас на 9,32% (з 3,1775 да 3,4735 рубля). Гэта чацвёрты паказчык на тэрыторыі былога СССР.

Падзяліцца: