Мінск 23:09

Грамадзянцы Беларусі ў ЗША выстаўленыя абвінавачанні ў вывазе падсанкцыйных авіядэталяў у Расію

Ілюстрацыйнае фота: William Hook / unsplash.com

5 лістапада, Позірк. 33-гадовай грамадзянцы Беларусі Яне Лявонавай у Злучаных Штатах Амерыкі выстаўленыя абвінавачанні ў вывазе падсанкцыйных авіяцыйных кампанентаў у Расію, вынікае з паведамлення пракуратуры ЗША па акрузе Калумбія, апублікаванага 4 лістапада на сайце Міністэрства юстыцыі.

Адзначаецца, што Лявонава, якая раней пражывала ў РФ, 3 лістапада была экстрадаваная з Францыі і ўзятая пад варту на падставе абвінаваўчага заключэння, паводле якога ёй ставіцца ў віну “ўдзел у змове з мэтай парушэння закона аб рэформе экспартнага кантролю, кантрабанды, адмывання сродкаў і махлярства ў дачыненні да ЗША”.

Пракуратура заяўляе, што 4 лістапада беларуская грамадзянка “ўпершыню паўстала перад судом Акруговага суда ЗША па акрузе Калумбія”.

“Згодна з абвінаваўчым заключэннем, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў траўні 2022 года Лявонава пры дапамозе саўдзельнікаў, якія знаходзіліся ў ЗША, закупляла і незаконна экспартавала з ЗША ў Расію рознае авіятэхнічнае ды іншае авіяцыйнае абсталяванне, — гаворыцца ў паведамленні. — Экспартаваныя вырабы прызначаліся для выкарыстання на прыватных самалётах, што эксплуатуюцца яе былым працадаўцам — кампаніяй, уключанай у [санкцыйны] спіс арганізацый Міністэрства гандлю ЗША”.

“У рамках змовы Лявонава і яе саўдзельнікі набывалі авіяцыйныя кампаненты ў дыстрыбутараў, размешчаных у ЗША. Затым, выкарыстоўваючы кампаніі, якія знаходзяцца ў Арменіі, на Мальдывах і ў іншых юрысдыкцыях, яны перапраўлялі гэтыя кампаненты ў Расію без неабходных ліцэнзій Мінгандлю ЗША”, — адзначае пракуратура.

Сцвярджаецца, што “Лявонава і яе саўдзельнікі неаднаразова хавалі і скажалі звесткі пра канчатковых атрымальнікаў і канчатковыя пункты прызначэння авіяцыйных кампанентаў, афармляючы дакументы з непраўдзівымі данымі”, “арганізоўвала перавод плацяжоў у доларах з замежных банкаўскіх рахункаў на банкаўскія рахункі ў ЗША”.

Федэральны пракурор Жанін Фэрыс Піра заявіла, што абвінавачаная “спрабавала абысці законы ЗША дзеля асабістага ўзбагачэння, закупляючы і нелегальна экспартуючы з ЗША ў Расію авіёніку ды іншае забароненае абсталяванне”. Лявонава, паводле сцвярджэння прадстаўніка органа, “выкарыстоўвала трэція краіны, каб схаваць канчатковага атрымальніка ў РФ, для якога патрабаваліся ліцэнзіі Мінгандлю ЗША”.

Памочнік дырэктара Федэральнага бюро расследаванняў Раман Ражаўскі заявіў, што ведамства “надае першачарговую ўвагу таму, каб прадухіляць трапленне амерыканскіх тэхналогій” у рукі “праціўнікаў” ЗША.

“Мы заклікаем усіх нашых партнёраў у прыватным сектары памятаць пра важную ролю, якую яны адыгрываюць у гарантаванні нацыянальнай бяспекі, і паведамляць пра парушэнні. Усім, хто разглядае магчымасць дапамогі ў атрыманні кантраляваных тэхналогій на карысць варожай дзяржавы, сённяшнія абвінавачанні павінны служыць папярэджаннем: ФБР ды нашыя партнёры знойдуць вас, дзе б вы ні былі, і прыцягнуць да адказнасці”, — заявіў ён.

Падзяліцца: