Мінск 17:42

Затрыманыя падазраваныя ў забойстве мужчыны — яго цела было засыпана цэментам і закапана

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

5 лістапада, Позірк. Пра затрыманне падазраваных у забойстве 35-гадовага мужчыны паведаміла 5 лістапада прэс-служба Следчага камітэта.

Распачатая крымінальная справа паводле п. 15 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, здзейсненае групай асоб).

Паводле даных следства, у кастрычніку 2025 года браты (54 і 60 гадоў) распівалі спіртныя напоі і, нягледзячы на ​​позні час, гучна слухалі музыку ў сябе дома. У нейкі момант адзін з іх лёг спаць. Неўзабаве ў дзверы кватэры пагрукаў сусед, які папрасіў больш не шумець. Паміж ім і тым з гаспадароў кватэры, што не спаў, узнікла сварка.

На крыкі выйшаў старэйшы з братоў. Сцвярджаецца, што ён узяў нож і некалькі разоў ударыў суседа ў вобласць шыі. Той памёр.

Праз некалькі дзён маці загінулага заявіла пра знікненне. Яна паведаміла міліцыі, што апошні раз бачыла сына ў вочка ў дзвярах, калі той накіроўваўся да суседзяў.

Следча-аператыўная група знайшла рэчы зніклага са слядамі крыві ў смеццевым кантэйнеры паблізу дома.

Паводле даных следства, падазраваныя сышлі з жылля, пакінуўшы там памерлага мужчыну. Ад трупа, як сцвярджаецца, яны пазбавіліся праз некалькі дзён — загарнулі яго ў покрыва, змясцілі ў багажнік аўтамабіля і адвезлі ў лес непадалёк ад свайго лецішча. Там, як заяўлена, браты выкапалі яму, перамясцілі ў яе цела забітага, а пасля засыпалі цэментам і закапалі.

Следства працягваецца.

Згодна з інфармацыяй пракуратуры, у 2024 годзе ў Беларусі здзейснена на 22% менш забойстваў, чым годам раней. У параўнанні з 2007 годам іх колькасць зменшылася ў чатыры разы.

Паводле даных Вярхавога суда, па выніках судовых разбіральніцтваў летась асуджана за злачынствы супраць жыцця і здароўя 1.974 чалавекі (2.261 годам раней), з іх 174 — за забойства (арт. 139 КК; у 2023-м — 237).

Падзяліцца: