Мінск 13:45

Адзін з пацярпелых на “Беларуськаліі” пераведзены з рэанімацыі ў апёкавае аддзяленне

Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску
Архіўнае відэа беларускага тэлебачання Стоп-кадр: "Позірк"

5 лістапада, Позірк. Адзін з рабочых, якія пацярпелі 31 кастрычніка ў выніку аварыі на ААТ “Беларуськалій” (Мінская вобласць), пераведзены з рэанімацыі ў апёкавае аддзяленне, яго стан палепшыўся, вынікае з паведамлення Міністэрства аховы здароўя.

Стан яшчэ трох пацыентаў на раніцу 5 лістапада ўсё гэтак жа ацэньваецца як стабільна цяжкі.

Двое пацярпелых па-ранейшаму падлучаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) — у іх цяжкая інгаляцыйная траўма.

6 лістапада двум пацыентам будзе выканана хірургічная апрацоўка ран і этапнае выдаленне пашкоджаных тканін.

Адзначаецца, што супрацоўнікі апёкавага цэнтра Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (Мінск) аказваюць пацярпелым усю неабходную меддапамогу, пастаянна праводзяць кансіліумы, на якіх спецыялісты вызначаюць тактыку лячэння.

“У абмеркаванні стратэгіі вядзення пацыентаў, наяўнасці неабходных расходных матэрыялаў і медыкаментаў прымаюць удзел спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, супрацоўнікі кафедраў і іншыя спецыялісты”, — гаворыцца ў паведамленні.

3 лістапада паведамлялася, што стан чатырох пацярпелых не змяніўся з 1 лістапада і ацэньваўся як стабільна цяжкі.

Як паведамляў “Позірк”, пра аварыю на ААТ “Беларуськалій” стала вядома ўдзень 31 кастрычніка. Каля 13:00 на адкрытай пляцоўцы цэха мембраннага электролізу 4-га рудаўпраўлення адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла суседні рэзервуар “з аналагічным хімічным растворам”, утварылася ўцечка кіслаты.

Пасля аварыі былі ўзятыя пробы паветра на ўтрыманне пары шкодных рэчываў — перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не зафіксавана, заяўляла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адзначыўшы, што наступствы здарэння лакалізаваныя, пагрозы здароўю людзей няма.

Непасрэдна ў выніку разрыву ёмістасці пацярпела чатыры работнікі прадпрыемства — адна жанчына і трое мужчын. Спачатку пацярпелых з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі даставілі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу (ЦРБ), але пасля кансіліуму ўрачоў іх перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр і нейрарэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Да перавозкі ўрачы ЦРБ разам з рэспубліканскімі спецыялістамі зрабілі аперацыі двум пацыентам.

Па факце траўмавання рабочых Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 1 арт. 306 КК (парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, прамысловай санітарыі або іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Падзяліцца: