Мінск 22:01

Сама меней 182 палітвязні знаходзяцца “ў асаблівай рызыцы” — “Вясна”

Фота: "Радыё Свабода"

4 лістапада, Позірк. На 4 лістапада 2025 года сама меней 182 палітвязні знаходзяцца ў няволі “ў асаблівай рызыцы”, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы ўдакладняюць, што тыя, хто знаходзіцца “ў асаблівай рызыцы”, — гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, непаўналетнія на момант здзяйснення дзеянняў, што ім ставяць у віну, шматдзетныя бацькі, палітвязні ў цяжкіх сямейных абставінах, а таксама тыя, хто праходзіць прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў закрытых установах.

Таксама ў гэтую катэгорыю ўключаныя палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных прыкметаў: змешчаныя ў інфармацыйную ізаляцыю (інкамунікада), пакінутыя ў няволі нягледзячы на сканчэнне тэрміна пакарання і інш.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за кратамі цяпер утрымліваецца мінімум 66 чалавек у цяжкім стане здароўя, 8 — з інваліднасцю, 25 — старэйшыя за 60 гадоў (многія з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем), 10 — з ментальнымі расстройствамі.

Сярод палітвязняў — 37 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, у якіх абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 77-гадовы Міхаіл Лепейка з Магілёва, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу за “абразу” Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

“Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 года адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі прымалі меры, якія стваралі для палітвязняў умовы, што набліжаюцца, а часта — дасягаюць — узроўню катавальняў”, — адзначыў юрыст “Вясны” Павел Сапелка.

20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы на 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік, які быў інвалідам другой групы і меў праблемы з сэрцам. Адбываў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).

У траўні 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасцю II групы Мікалай Клімовіч, асуджаны на адзін год пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК.

Агулам у 2022–2024 гадах у беларускіх месцах няволі памерлі як мінімум сем палітычных зняволеных. Апроч згаданых, гэта Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Аляксандр Кулініч і Дзмітрый Шлетгаўэр.

Пасля вызвалення з няволі памерлі былыя палітвязні Ганна Кандраценка і Тамара Каравай: яны выйшлі на свабоду ў 2024 годзе, памерлі ў 2025-м.

Згодна з данымі “Вясны”, на 4 лістапада статус палітвязняў у Беларусі маюць 1.239 чалавек.

Падзяліцца: