Мінск 21:09

З 2020 года ліквідавана не менш за 1.977 НКА — Lawtrend

4 лістапада, Позірк. За пяць гадоў — пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і да 31 кастрычніка 2025-га — у Беларусі ліквідавана не менш за 1.977 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец верасня было ліквідавана не менш як 1.970 НКА, жніўня — 1.950, ліпеня — 1.948, чэрвеня — 1.944, траўня — 1.936, красавіка — 1.926, сакавіка — 1.917, лютага — 1.905, студзеня — 1.896, а на канец 2024 года — 1.891. За мінулы год — мінімум 382 арганізацыі.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец кастрычніка 2025 года ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзіліся не менш як 1.214 некамерцыйных арганізацый. На канец верасня такіх было 1.211, жніўня — 1.193, ліпеня — 1.192, чэрвеня — столькі ж, траўня — 1.190, красавіка — 1.189, сакавіка і лютага — 1.188, студзеня — 1.187, снежня 2024-га — 1.186.

Рашэнне пра самастойную ліквідацыю прынялі па меншай меры 763 НКА. На канец верасня такіх было 759, жніўня — 757, ліпеня — 756, чэрвеня — 752, траўня — 746, красавіка — 737, сакавіка — 729, лютага — 717, студзеня — 709, на канец 2024 года — 705.

У справаздачы за кастрычнік адзначаецца, што актывізаваўся працэс рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый. Так, у кастрычніку 2025 года зарэгістравана як мінімум шэсць грамадскіх аб’яднанняў: “Яўрэйскае культурнае таварыства “Шорашым”, “Спартыўны клуб САМБО — 07”, таварыства дапамогі і падтрымкі людзей з дыябетам “Дыягард”, “Спартыўная сям’я”, “Федэрацыя вулічных відаў спорту. Самакат. Скейтборд. ВМХ” і “Ваенна-патрыятычны клуб “Русічы”.

6 ліпеня 2025 года ў Беларусі завяршыўся працэс перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Аднак да гэтага часу агульная статыстыка па арганізацыях, што прайшлі або не прайшлі перарэгістрацыю, не апублікаваная, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле даных даклада, падрыхтаванага ўладамі Беларусі ў рамках чацвёртага цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) у рамках Савета па правах чалавека ААН (прадстаўлены на пачатку жніўня 2025 года), колькасць рэлігійных арганізацый ад студзеня 2024 года скарацілася з 3.592 да 3.426, рэлігійных суполак — з 3.419 да 3.257, арганізацый агульнаканфесійнага значэння — з 173 да 169.

“Паводле звестак ініцыятывы “Хрысціянская візія”, найбольш моцна перарэгістрацыя ўдарыла па такой канфесіі як Беларуская грэка-каталіцкая царква — апошняя сутыкнулася з беспрэцэдэнтным палітычным ціскам і не здолела перарэгістраваць дастатковую колькасць парафій для стварэння рэлігійнага аб’яднання”, — паведамляе Lawtrend.

Адзначаецца, што ў сувязі з выкананнем сваёй прафесійнай дзейнасці, удзелам у арганізацыях грамадзянскай супольнасці і праявай грамадзянскай актыўнасці турэмны тэрмін працягваюць адбываць не менш як пяць прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, рэлігійных арганізацый, 21 прадстаўнік прафесійных саюзаў і рабочага руху.

Падзяліцца: