Мінск 20:21

У суд перададзена справа мужчыны, які забіў былую жонку, нанёсшы ёй 71 удар

Фота: pixabay.com

4 лістапада, Позірк. У суд перададзена крымінальная справа 51-гадовага жыхара Буда-Кашалёўскага раёна, паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці.

Мужчыну інкрымінаваны арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства).

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў красавіку 2025 года ў сябе дома распіваў спіртныя напоі з былой жонкай. “У пэўны момант паміж імі ўзнікла сварка, і мужчына нанёс пацярпелай не менш за 71 удар рукамі, нагамі, нажом, табурэтам і металічнай трубой па розных частках цела, у тым ліку ў вобласці жыццёва важных органаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла на месцы здарэння.

Раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за прычыненне цялесных пашкоджанняў і “дзеянні, якія пагражаюць жыццю і здароўю былой жонкі”, адзначае наглядны орган. За гэтае злачынства ў 2024 годзе ён адбываў пакаранне ў выглядзе арышту. Таксама абвінавачаны знаходзіўся на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў і ў лекара-нарколага, прымусова праходзіў лячэнне ад алкагалізму.

Мужчына знаходзіцца пад вартай.

Розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% гараджанак, якія маюць партнёра, сведчаць даныя апытання, праведзенага ў 2023 годзе анлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры падтрымцы Chatham House.

Для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, з 2023 года працуе анлайн-лінія oliviahelp. Па дапамогу можна звяртацца праз сайт oliviahelp. Кансультацыі праводзяцца праз месенджары “Вайбер” і “Тэлеграм”, адрасы пазначаныя на партале.

У верасні 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендэрныя перспектывы”, якое займалася праблемамі хатняга гвалту і полавай дыскрымінацыі. З 2012 года аб’яднанне адміністравала агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту, спецыялісты адказалі на 15 тыс. званкоў. Гарачая лінія працавала ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы па супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Рэспубліцы Беларусь”.

9 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, якое было створана ў 2002 годзе ў Мінску для дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту. “Радзіслава” адміністравала кругласуткавую гарачую лінію і на грамадскіх пачатках утрымлівала прытулак для ахвяр хатняга гвалту. Пасля ліквідацыі шэлтар і кругласутачная гарачая лінія не працуюць.

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дурнотай, узятай перадусім з Захаду”.

Лукашэнка неаднаразова дапускаў дыскрымінацыйныя выказванні на адрас жанчын, маскіруючы гэта пад “клопат” пра іх. У прыватнасці, ён заяўляў, што беларуская Канстытуцыя напісана “не пад жанчыну” і што жанчына не можа быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

Падзяліцца: