Мінск 22:00

Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі абмеркаваў узаемадзеянне з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека, паскардзіўся на суседзяў з ЕС

Намеснік кіраўніка МЗС Ігар Сакрэта і вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк (злева направа)
Фота: прэс-служба МЗС

4 лістапада, Позірк. Перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з Упраўленнем вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека (УВКПЧ) абмеркаваў 3 лістапада ў Жэневе намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта з кіраўніком згаданай структуры ААН Фолькерам Цюркам.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, гаворка ішла ў тым ліку пра “арганізацыю працы па рэкамендацыях, прынятых па выніках чацвёртага цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду” Беларусі. Бакі, як сцвярджаецца, “абмяняліся думкамі пра глабальныя тэндэнцыі ў забеспячэнні ўмоў для рэалізацыі правоў чалавека”.

“Беларускі дыпламат прыцягнуў увагу вярхоўнага камісара да пагаршэння сітуацыі ў асобных краінах Еўрасаюза, а таксама да абуральных парушэнняў, звязаных з закрыццём межаў Польшчай, Літвой і Латвіяй, — гаворыцца ў паведамленні. — Падкрэслена важнасць крытычнага і аб’ектыўнага падыходу з боку ААН да ацэнкі парушэнняў правоў чалавека ў краінах Захаду”.

Сакрэта заявіў, што Мінск гатовы да “непалітызаванага ўзаемадзеяння” з УВКПЧ і ў чарговы раз запрасіў Цюрка ў Беларусь.

Вярхоўны камісар і яго апарат пра сустрэчу з беларускім чыноўнікам на сваіх рэсурсах не згадваюць.

У той жа дзень намеснік кіраўніка МЗС абмеркаваў “стан і перспектывы стасункаў” Беларусі з Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на сустрэчы з памочнікам генеральнага дырэктара МАП, рэгіянальным дырэктарам па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Беатэ Андрэс.

Беларускі чыноўнік “інфармаваў суразмоўніцу пра прыярытэты ўрада Беларусі па развіцці сацыяльна-працоўнай сферы краіны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і канвенцыямі МАП”.

Сцвярджаецца, што суразмоўцы абмяняліся думкамі “па шэрагу пытанняў, звязаных з палітычна прадузятымі падыходамі, якія прасоўваюць заходнія краіны і некаторыя міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі ў дачыненні да Беларусі”. Сакрэта, як адзначана, “падкрэсліў важнасць аднаўлення паўнавартаснай супрацы ўсіх інстытутаў МАП з беларускімі партнёрамі на прагматычнай і непалітызаванай аснове”.

Прадстаўляючы нацыянальны даклад у рамках чацвёртага цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду 3 лістапада ў Жэневе Сакрэта заявіў, што Беларусь “мае намер падтрымліваць высокія стандарты ў галіне правоў чалавека, скіраваныя на сацыяльную абароненасць, эканамічную стабільнасць і палітычную еднасць беларускіх грамадзян”.

У той жа час многія прадстаўнікі краін, якія ўзялі ўдзел у слуханнях, выказалі занепакоенасць пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Улетку 2025 года на палях канферэнцыі Helsinki+50 у сталіцы Фінляндыі з Цюркам сустракалася дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Тады галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што бакі абмеркавалі “камунікацыю з уладамі ў Мінску па пытаннях вызвалення палітвязняў, магчымы візіт камісара ў рэгіён”, а таксама намаганні ЗША па “гуманітарных вызваленнях”.

“Ціханоўская адзначыла што мэтай візіту камісара ў Мінск мусіла б стаць вызваленне палітвязняў”, — падкрэсліў Вячорка.

Падзяліцца: