Мінск 20:15

Урад зацвердзіў 28 дзяржпраграм да 2030 года — назвы чатырох, звязаных з бяспекай, не раскрываюцца

Ілюстрацыйнае фота: Craig Whitehead / unsplash.com

4 лістапада, Позірк. 28 дзяржаўных праграм на 2026–2030 гады зацверджаныя пастановай Савета міністраў № 602 ад 31 кастрычніка.

У дакуменце, апублікаваным 4 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, адзначана, што дзяржпраграмы “згрупаваны паводле напрамкаў”. “З іх сем праграм вызначаныя канцэпцыяй Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Асобным блокам прадстаўленыя дзяржаўныя праграмы нацыянальнай бяспекі”, — гаворыцца ў пастанове.

У згаданым блоку, звязаным з нацбяспекай, фігуруе восем праграм: праграма “Інфраструктура бяспекі насельніцтва” (адказны заказчык — МНС) з падпраграмамі “Развіццё выратавальнай інфраструктуры” і “Радыяцыйная бяспека”; “Памежная бяспека” (Дзяржпагранкамітэт); “Забеспячэнне правапарадку” (МУС), “Уладкаванне вайсковых гарадкоў” (Мінабароны), а таксама “спецыяльныя праграмы” з нумарамі ад 1 да 4, заказчыкамі якіх вызначаныя Камітэт дзяржбяспекі, Мінабароны, Нацыянальная акадэмія навук і Дзяржкампаенпрам.

У групу пра развіццё чалавечага патэнцыялу ўвайшлі дзяржпраграмы “Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу”, “Здароўе нацыі”, “Фізічная культура і спорт”, “Грамадства роўных магчымасцей”, “Беларусь інтэлектуальная”, “Збалансаваны рынак працы” (адна з дзвюх падпраграм тычыцца міграцыі); новыя стандарты якасці жыцця — “Дарогі Беларусі”, “Транспарт Беларусі”, “Будаўніцтва жылля”, “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”; развіццё сферы паслуг — “Турызм”, “Культурная прастора”; лічбавізацыю — “Лічбавая Беларусь”; тэхналагічную самадастатковасць — дзяржпраграма інавацыйнага развіцця Беларусі, “Навука для эканомікі і грамадства”, “Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць”; рэгіянальную унікальнасць — “АПК будучыні”, “Устойлівае прадпрымальніцтва”; экалогію і рацыянальнае прыродакарыстанне — “Экалогія”, “Нетры”.

Амаль усе праграмы маюць падпраграмы (колькасць вар’іруецца ад двух да дзесяці), вызначаныя дзяржаўныя заказчыкі іх выканання — як правіла, профільныя міністэрствы.

Мэтавыя паказчыкі дзяржпраграм у дакуменце не пазначаюцца. Раней чыноўнікі адзначалі, што санкцыі дэмакратычных краін сталі асноўнымі прычынамі невыканання такіх у рамках 29 дзяржаўных праграм на 2021–2025 гады (з іх у сферы нацбяспекі — 5).

Падзяліцца: