Мінск 17:27

Ціханоўская заклікала беларусаў передаваць дзецям нацыянальныя традыцыі

Ілюстрацыйнае фота: David Tomaseti / unsplash.com

1 лістапада, Позірк. Не забываць беларускія традыцыі, перадаваць іх дзецям і “берагчы памяць у сваім сэрцы” заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 лістапада з нагоды Дзядоў — перыяду ўшанавання памерлых продкаў.

“Здаецца, амаль кожны з нас памятае гэты дзень яшчэ з дзяцінства, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Як уся вёска хадзіла на могілкі, у хаце рыхтавалі пачастункі для продкаў, а дарослыя гаварылі пра тых, каго ўжо няма, але хто ўсё яшчэ побач. У кожнай сям’і гэта выглядала па-свойму, але сэнс быў адзіны — успомніць сваіх родных і адчуць іх прысутнасць”.

Ціханоўская нагадала, што Дзяды — “старажытная беларуская традыцыя”, калі “продкаў запрашалі да стала, пакідалі для іх ежу і месца, запальвалі свечкі”.

“Лічылася, што душы прыходзяць да нас у госці: паслухаць ды паглядзець, як жывуць іх дзеці і ўнукі. І пакуль жыве гэты абрад — жыве і нашая сувязь з тымі, хто быў да нас, — падкрэсліла палітык. — Запытайце ў сваіх бацькоў ці бабуляў, як яны адзначалі Дзяды. Распавядзіце сваім дзецям пра нашыя абрады. Паказвайце, як гэта рабілі нашыя продкі і перадавайце веды далей”.

Паводле слоў дэмлідара, беларуская культура ёсць “жывой сілай, поўнай глыбіні і містычнасці”. У той час, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі “спрабуе выціснуць усё беларускае” з краіны, самі беларусы могуць зрабіць тое, што ад іх залежыць — “не толькі памятаць, але і старанна захоўваць”.

“Успомніце сёння сваіх родных. Нават калі не можаце наведаць іх на могілках — запаліце свечку, прамоўце іх імёны, аддайце ім хвіліну цішыні, — параіла Ціханоўская. — Мы памятаем не толькі сваіх продкаў, але і тых, хто загінуў ад рук рэжыму. Тых, хто аддаў жыццё за Беларусь, хто змагаўся ва свабоду Украіны і за права быць вольнымі. Гэтая памяць — нашыя карані і нашая сувязь адно з адным”.

Дзяды — народны памінальны абрад, які мае паганскія карані, але цяпер сплецены і з хрысціянскай традыцыяй. На беларускай зямлі яго праводзілі не ў адзін пэўны дзень, цягам года ў розных рэгіёнах краіны продкаў згадвалі ў розныя перыяды. Бадай, самая вядомая дата на сённяшні дзень — 2 лістапада.

Падзяліцца: