Мінск 04:35

Для барацьбы з метэазондамі Літва перакідвае на мяжу стралкоў

Ілюстрацыя: vsat.lrv.lt

31 кастрычніка, Позірк. Члены Літоўскага саюза стралкоў (ЛСС) далучацца да мабільных груп, якія будуць змагацца з метэазондамі, што запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, паведаміў дарадца прэм’ер-міністра Літвы Інгi Ругінене Ігнас-Альгірдас Дабравольскас.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць Delfi, мабільныя каманды “будуць дзейнічаць і будуць гатовыя да прыняцця рашэнняў”.

Чакаецца, што Камісія па нацыянальнай бяспецы налета абмяркуе “вынікі таго, што адбудзецца за гэты час”.

Раней паведамлялася, што ў сувязі з беларуска-расійскімі вайсковымі вучэннямі “Захад-2025” Літва ўзмацняла ўзровень кантролю сваёй мяжы, у тым ліку за кошт прыцягнення структур нацыянальнай абароны і ЛСС.

Саюз стралкоў з’яўляецца непалітычнай грамадскай ваенізаванай арганізацыяй пад кіраваннем урада Літвы. Аб’яднанне налічвае больш за 16 тысяч членаў.

На ўзбраенні ў стралкоў — аўтаматычныя і снайперскія вінтоўкі розных мадыфікацый, пісталеты, кулямёты.

У Вільнюсе пасля чарговага закрыцця аэрапорта праз фіксацыю ў паветранай прасторы Літвы зондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі на паўсутак былі затрыманыя асобныя авіярэйсы.

Аэрапорт не працаваў менш за тры гадзіны, яго кіраўніцтва папярэдзіла, што “цягам дня магчымыя затрымкі асобных рэйсаў праз парушэнні ратацыі экіпажаў і паветраных суднаў”.

Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрытыя цягам месяца — такое рашэнне прынята на пасяджэнні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка. Магчыма падаўжэнне абмежаванняў пасля 30 лістапада.

Познім вечарам 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін, такім чынам цяпер тэрмін падоўжаны да канца восені.

Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Прычынай сталі паветраныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія, у тым ліку, пагражалі працы аэрапорта ў Вільнюсе. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.

Падзяліцца: