Мінск 01:38

Уладальнік сайта s13.ru Сяргей Чабоцька асуджаны на 3,5 года пазбаўлення волі

Фота: pixabay.com

31 кастрычніка, Позірк. Гродзенскі абласны суд 31 кастрычніка прыгаварыў уладальніка і рэдактара гарадскога партала s13.ru Сяргея Чабоцьку да 3,5 года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму, таксама яму прызначаны штраф у памеры 1.000 базавых велічынь (42.000 рублёў).

Пра гэта паведаміў дзяржтэлеканал “Беларусь-4 Гродна”.

“Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны разам з іншымі асобамі стварыў сайт s13 і аднайменныя рэсурсы, дзе публікаваліся заклікі да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, абразы прадстаўнікоў улады і паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі. На сваім ютуб-канале ён таксама размясціў відэазапіс аналагічнага зместу”, — заявіла намесніца начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Людміла Герасіменка.

Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 361¹ (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 5 лістапада мінулага года прызнаў гродзенскі сайт s13.ru “экстрэмісцкім фарміраваннем”. 30 кастрычніка стала вядома, што кантэнт s13.ru і яго тэлеграм-канала прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Заснавальнік інтэрнэт-рэсурсу Сяргей Чабоцька 7 снежня 2024 года не выйшаў на свабоду пасля трэцяга запар 15-сутачнага арышту.

Паводле звестак БАЖ, цяпер за кратамі знаходзіцца 28 прадстаўнікоў СМІ.

Падзяліцца: