Выбух на “Беларуськаліі” выклікаў уцечку салянай кіслаты

31 кастрычніка, Позірк. ААТ “Беларуськалій” у сваім тэлеграм-канале паведаміў пра ўцечку салянай кіслаты на прадпрыемстве.
Адзначаецца, што да месца аварыі прыбыла хімічная служба рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння “ЗУБР”. “Таксама да месца накіроўваецца хімічная служба пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскай вобласці, мабільны пункт кіравання”, — гаворыцца ў паведамленні.
Падкрэсліваецца, што “выцек з ёмістасці прыпынены, ажыццяўляецца перапампоўка вадкасці з абвалавання пры дапамозе помпаў у чыгуначную цыстэрну”.
“Адміністрацыя ААТ “Беларуськалій” паведамляе: у адпаведнасці з пазіцыяй Плана ліквідацыі аварыі, у зону хімічнага заражэння пры выкідзе салянай кіслаты горад Салігорск не трапляе”, — заявілі на прадпрыемстве.
Сцвярджаецца, што “ўсе цэхі рудаўпраўлення працуюць у штатным рэжыме”.
Паводле даных Следчага камітэта, інцыдэнт на “Беларуськаліі” адбыўся 31 кастрычніка каля 13 гадзін — “у цэху мембраннага электролізу 4 РУ адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты на адкрытай пляцоўцы”.
Адзначаецца, што ўдарная хваля выклікала “пашкоджанне суседняга рэзервуара з аналагічным хімічным растворам”.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.
Пра аварыю на салігорскім прадпрыемстве “Беларуськалій” (Мінская вобласць) паведаміла 31 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя.
На прадпрыемства накіравана медыцынская брыгада — камбустыёлаг, траўматолаг і рэаніматолаг для надання дапамогі пацярпелым, таксама туды выехалі чатыры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.
“Пацярпелі чатыры работнікі прадпрыемства: усе яны з хімічнымі апёкамі, камбінаванымі траўмамі знаходзяцца ў Салігорскай ЦРБ”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што “органамі дзяржсаннагляду праводзіцца маніторынг атмасфернага паветра на вытворчай пляцоўцы”.
Паводле паведамлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты на адкрытай пляцоўцы цэха мембраннага электролізу.
3 лістапада 2023 года на 2-м рудаўпраўленні прадпрыемства пацярпелі пяць работнікаў рамонтнай брыгады электраслесараў. У здарэнні абвінавачаны 44-гадовы дзяжурны майстар “Беларуськалію”.
30 траўня 2021 года на рудніку “Беларуськалію” загінуў рабочы, паведамляў афіцыйны тэлеграм-канал прадпрыемства.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго менш, чым у 2023-м (1.850). Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (са 117 да 105).
У мінулым годзе 17 пацярпелых былі маладзейшыя за 18 гадоў, двое з іх загінулі.
74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя “назіраецца ўжо не першы год”. Гэта, на думку Семіча, сведчыць пра тое, што на працы “жанчыны больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — адзначыў прадстаўнік Мінпрацы.
У пяцёрку самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, падсобны рабочы, трактарыст, жывёлавод.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства


