Мінск 01:32

У кастрычніку на суботніку зарабілі на 6% больш грошай, чым у красавіку — Белстат

31 кастрычніка, Позірк. У рэспубліканскім суботніку, які адбыўся 25 кастрычніка, узялі ўдзел 2 млн 303,7 тыс. чалавек, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Паводле звестак ведамства, было “налічана грашовых сродкаў для пералічэння — 19 млн 668,7 тыс. рублёў, што на 6% больш, чым у красавіку бягучага года”.

У дзень суботніка віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч паведамляла пра ўдзел 2,3 млн чалавек і суму ў памеры 19,4–19,5 млн рублёў.

Па выніках суботніка 12 красавіка віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак памедаміў пра сабраныя 16,5 млн рублёў. Разам з тым, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія з’явіліся пазней, для “пералічэння па прызначэнні” пасля таго суботніка паступіла больш за 18,5 млн рублёў.

Пяткевіч нагадала, што згодна з пастановай Савета міністраў 50% сродкаў, сабраных на суботніку 25 кастрычніка, будуць накіраваныя на “мэты, якія запланаваныя ў рэгіёнах”, яшчэ 50% — на будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.

“Адметна, што сёлета загадзя вызначаныя тыя мэты выкарыстання грашовых сродкаў у кожным рэгіёне. То бок дакладна кожны грамадзянін можа паглядзець, у што ён унёс сваю лепту”, — адзначыла яна.

Беларускае заканадаўства забараняе прымусовую працу. Тым не менш, удзел у суботніку — запазычанай з СССР практыцы прыцягнення грамадзян да “грамадска карыснай занятасці” без аплаты працы — фактычна прымусовы, прынамсі для работнікаў бюджэтных арганізацый. Паўсюднай стала практыка пабораў “на суботнік”.

Падзяліцца: