Мінск 23:37

BelPol фіксуе прыкметы паскоранай мілітарызацыі беларускай эканомікі

30 кастрычніка, Позірк. Прыкметы паскоранай мілітарызацыі эканомікі фіксуюцца ў Беларусі, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле арганізацыі BelPol.

Гэты працэс, паводле яе звестак, з’яўляецца не проста следствам палітычнага збліжэння Мінска і Масквы, а вынікам мэтанакіраванай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, “накіраванай на структурную інтэграцыю беларускага прамысловага патэнцыялу ў абаронны комплекс РФ“.

BelPol паведамляе аб разгалінаванай сістэме супрацоўніцтва паміж беларускімі прадпрыемствамі і расійскім ВПК па ўсіх напрамках.

У прыватнасці, прадпрыемствы “Інтэграл“, “Планар“ займаюцца вытворчасцю мікрачыпаў для ваенных патрэб; “Пеленг“, “Рухсерваматор“, “БелОМА”, “ММЗ імя Вавілава“, “Дыяпраектар“ — вырабляюць аптычныя прыцэлы для танкаў; МЗКЦ, “Волат Санцзян“ — шасі для аператыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр“ і зенітных сістэм С-300/С-400; “Легмаш“, БелАЗ, БМЗ, “БАЗцьюб“ — рэактыўныя снарады; “КБ беспілотныя верталёты“, “КБ дысплей“, “ГНВА парашковай металургіі“ — беспілотныя лятальныя апараты і г.д.

“Такая кааперацыя фактычна ператварае Беларусь у “індустрыяльны тыл“ расійскай вайсковай машыны, і спіс беларускіх прадпрыемстваў, уцягнутых у гэта, можна працягваць практычна бясконца”, — адзначае BelPol.

Працуе на расійскую ваенную машыну і даччынае прадпрыемства ААТ “Амкадор“ — унітарнае прадпрыемства СВТ, якім валодае ААТ “Амкадор-Белвар“. Сярод яго праектаў — беспілотнік пад шыфрам “Свіслач-СВТ“ і сістэма навядзення артылерыйскага агню “Вартавы”.

Зараз удзел СВТ у абаронных праектах, паводле даных расследавальнікаў, “зайшло значна глыбей“: прадпрыемства рамантавала і абслугоўвала прыборы, якія выкарыстоўваюцца для кантролю расходу паліва ў ваеннай тэхніцы, займалася сервісным абслугоўваннем ракетных комплексаў “Авангард“.

Беларусь, як адзначаюць эксперты, “не проста ўскосна ўцягнутая ў расійскія абаронныя праграмы — яна з’яўляецца іх актыўным удзельнікам“, прадпрыемствы краіны “выконваюць канкрэтныя задачы па падтрыманні баяздольнасці не толькі арміі агрэсара“.

“Гэты цесны вытворчы і тэхналагічны звязак фармуе ўстойлівую залежнасць беларускай эканомікі ад вайсковых заказаў Крамля і паглыбляе інтэграцыю ў расійскую сістэму абароннай вытворчасці. І гэтая інтэграцыя ажыццяўляецца выключна з ініцыятывы Лукашэнкі”, — падкрэслівае BelPol.

Як вынікала з заявы ўпаўнаважанага прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслава Уласюка, у сучасных крылатых ракетах “Іскандэр“ (9М727), якія выкарыстоўвае Расія, павялічылася колькасць кампанентаў расійскай і беларускай вытворчасці.

Уласюк паведаміў, што даследаваная Украінай “свежая” ракета “Іскандэр” утрымлівала 57 расійскіх і 5 беларускіх кампанентаў. У ёй было каля 35 кампанентаў амерыканскай вытворчасці, па адным — японскай, брытанскай і швейцарскай. У заяве згадваецца прадпрыемства “Інтэграл”.

Даныя на партале War & Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны сведчаць, што ў расійскім узбраенні ідэнтыфікавана 11 тыпаў кампанентаў, вырабленых у Беларусі. Пераважае прадукцыя прадпрыемства “Інтэграл“, ідэнтыфікаваная прадукцыя канструктарскага бюро “СКБ Захад“ (філіял прадпрыемства “Цветатрон“) і прадпрыемства “Радыётэхніка”.

Падзяліцца: