Мінск 20:17

Міністр адукацыі Іванец заявіў пра гатоўнасць “у разы” павялічыць колькасць студэнтаў з Афрыкі

Стоп-кадр: СТБ

30 кастрычніка, Позірк. Пра гатоўнасць “у разы” павялічыць колькасць студэнтаў з Афрыкі, якія навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах, заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец 30 кастрычніка пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, Беларусь гатовая прапанаваць адукацыйныя паслугі “абсалютна ўсім краінам”. Аднак, сцвярджае чыноўнік, “на сённяшні дзень афрыканскі кантынент з’яўляецца адным тых, якія найбольш дынамічна развіваюцца”.

Міністр адзначыў, што цяпер у беларускіх ВНУ навучаецца каля 2,6 тыс. студэнтаў з Афрыкі: “Мы рыхтуем інжынерныя кадры, працуем па кірунку сельскай гаспадаркі, рыхтуем будучых медыкаў і па цэлым шэрагу іншых напрамкаў і спецыяльнасцяў”.

Наступным крокам, паводле яго слоў, стане “заключэнне адпаведных двухбаковых дагавораў на ўзроўні ўніверсітэтаў”, каб была магчымасць “прыцягваць замежных студэнтаў не толькі праз індывідуальныя заяўкі, але і праз сістэмную працу”.

Кіраўнік ведамства звярнуў увагу на супрацоўніцтва з Зімбабвэ. З гэтай краіны, паводле яго сцвярджэння, у Беларусь прыязджаюць не толькі студэнты, але прафесарска-выкладчыцкі склад.

У красавіку дзяржСМІ паведамлялі, што ва ўніверсітэтах Беларусі вучыцца 2,8 тыс. студэнтаў з 41 краіны Афрыкі, больш за ўсё — з Камеруна, Конга, Марока, Нігерыі, Самалі, Эфіопіі і Эрытрэі.

23 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Лукашэнка заявіў, што “ніякага Балонскага працэсу” быць не павінна, таму што ў Беларусі “нармальная адукацыя”.

Разам з тым ён адзначыў, што ў краіне вучыцца шмат замежнікаў, якія хацелі б скончыць магістратуру: “Добра, давайце так і паступім. Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі хочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас навучаем. Едзьце куды заўгодна працаваць”.

Падзяліцца: