Мінск 20:13

Палітвязнямі прызнана яшчэ пяць чалавек — у тым ліку экстрадаваны з РФ экс-гулец у КВЗ Краўчук

Ілюстрацыя: pixabay.com

30 кастрычніка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 30 кастрычніка прызнала палітычнымі вязнямі яшчэ 5 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на сайце цэнтра “Вясна”. Цяпер такі статус маюць 1.254 чалавекі.

Статус палітвязняў атрымалі: асуджаны на пяць гадоў зняволення Аркадзь Кайчурэнка (арт. 369, 368, 361, 130 Крымінальнага кодэкса), на два гады — Уладзімір Кушнер (арт. 368 і 130), на год — Алег Кульпановіч (арт. 368), на невядомы тэрмін — Сяргей Лысенка (арт. 361), а таксама ўзяты пад варту пасля экстрадыцыі з РФ былы гулец у КВЗ Васіль Краўчук (арт. 369).

Праваабаронцы заклікалі да неадкладнага вызвалення палітвязняў і прыняцця мер, накіраваных “на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы і службовых асоб, здзек над дзяржсімваламі”. Таксама ў заяве ўтрымліваецца заклік спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.

Адпаведную заяву, акрамя “Вясны”, падпісалі Lawtrend, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Даведка “Позірку:

арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзыдэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: