Мінск 21:00

Ціханоўская абмеркавала ў Парыжы падтрымку беларускіх СМІ

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

30 кастрычніка, Позірк. Падчас форуму міру, які праходзіць 29–30 кастрычніка ў Парыжы, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанні падтрымкі беларускіх незалежных СМІ.

Як паведаміла прэс-служба палітыка, яна падняла гэтую тэму ў сваім выступленні на форуме, а таксама правяла асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міжнароднага фонду ў падтрымку грамадска значных медыя (IFPIM) — яго дырэктарам Нішантам Лалвані і сустаршынёй, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Марыяй Рэса.

Адзначаецца, што дзякуючы намаганням дэмакратычных сіл IFPIM адкрыў праграму дапамогі беларускім журналістам пры фінансавай падтрымцы Швецыі.

Таксама Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам французскага радыё RFI і міністрам замежных спраў Францыі Жан-Наэлем Баро, каб абмеркаваць “магчымасць стварэння беларускай рэдакцыі RFI”, гаворыцца ў паведамленні.

“Беларускія журналісты робяць выдатную працу — яны дапамагаюць людзям даведвацца праўду па абодва бакі мяжы, ствараюць масты і сувязі. І самае важнае — большасць аўдыторыі незалежных медыя ў выгнанні — гэта беларусы ўнутры краіны. Я выкарыстоўваю кожную магчымасць, каб знайсці падтрымку для нашых журналістаў, каб яны маглі працягваць сваю важную місію”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Падзяліцца: