Мінск 19:04

Былы гулец у КВЗ з Пінска экстрадаваны ў Беларусь пасля затрымання ў РФ, у 2022 годзе яго асудзілі за каментарый

Фота: "Медыя-Палессе"

30 кастрычніка, Позірк. 51-гадовы Васіль Краўчук экстрадаваны ў Беларусь пасля затрымання ў Расіі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, мужчына цяпер знаходзіцца ў “адным з беларускіх СІЗА”.

17 кастрычніка рэгіянальны партал 47news.ru паведаміў пра затрыманне Краўчука ў Санкт-Пецярбургу. Адзначалася, што ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку, але “знайшлі яго толькі праз тры гады”.

“На радзіме ён напісаў крыўднае пра міліцыянера ў тэлеграм-канале”, — гаварылася ў публікацыі.

Краўчук быў названы “ветэранам гульні ў КВЗ з горада Пінск, што ў Брэсцкай вобласці”.

Паведамлялася, што пецярбургская паліцыя апавясціла аб затрыманні МУС Беларусі.

На сайце праваабарончага цэнтра “Вясна” паведамляецца, што 7 лютага 2022 года Крачук быў прыгавораны судом у Пінску да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прызнаны вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

“Падставай для крымінальнай справы стаў жартоўны каментарый у тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” ў дачыненні да супрацоўніцы інспекцыі па справах непаўналетніх. Сам мужчына запэўніваў, што гэта быў жарт, запазычаная ў калегаў па сцэне і які гучаў на тэлебачанні ў праграме КВЗ. Прыгавор вынесла суддзя Вольга Лубнік”, — адзначалі праваабаронцы.

Згаданы каментарый мужчына напісаў у снежні 2020 года, убачыўшы ў інтэрнэце “навіну пра тое, як у адной беларускай школе супрацоўніца міліцыі крычала на дзяцей, выкарыстоўваючы пры гэтым нецэнзурную лексіку”.

Пасля прысуду Краўчук пакінуў Беларусь.

Падзяліцца: