Мінск 18:21

Мандат дэмсіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў будзе падоўжаны, магчымыя новыя дэбаты па Беларусі — прэзідэнт арганізацыі

Прэзідэнт Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Марк Кулс
Фота: "Позірк"

30 кастрычніка, Позірк. Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) “вельмі добра арганізаваная”, заявіў на брыфінгу 30 кастрычніка прэзідэнт КМРУ Марк Кулс.

На пытанне “Позірку”, ці будзе падоўжаны мандат гэтай дэлегацыі на наступны тэрмін, кіраўнік арганізацыі адказаў: “Так, ён будзе падоўжаны. З гэтым праблем не будзе”. На ўдакладненне, ці маецца шанец таго, што правы дэлегацыі, якая ў адпаведнасці з цяперашнім статусам не можа галасаваць, будуць пашыраныя, Кулс заявіў, што гэта немагчыма.

Паводле яго слоў, у Кангрэсе маюцца тры партнёрскія структуры з адмысловым статусам, адна з іх — беларускія дэмсілы.

“Яны маюць тыя ж правы, што і ў іншыя удзельнікі: могуць удзельнічаць у пленарных сесіях, пасяджэннях камітэтаў, часам — у місіях па назіранні за выбарамі і гэтак далей. Але гэта не дзяржавы-члены, таму яны не могуць атрымаць права голасу, — канстатаваў прэзідэнт КМРУ. — Такая ж сітуацыя з Марока: у нас з імі партнёрскія стасункі, іх дэлегацыя часта прысутнічае, але права голасу яны не маюць. Гэта немагчыма паводле нашых правілаў — яно надаецца толькі дзяржавам-членам. Беларусь ніколі не была членам Савета Еўропы”.

Кажучы пра ўзаемадзеянне з дэмсіламі Беларусі, Кулс заявіў, што Кангрэс “часам асцярожны, калі гаворка ідзе пра канкрэтную падтрымку”, якую ён можа аказаць, але “супраца працягваецца”. Кіраўнік арганізацыі нагадаў, што напярэдадні ў рамках 49-й сесіі КМРУ адбылося дадатковае мерапрыемства пра дапамогу беларусам у выгнанні, якое было “вельмі добра падрыхтаванае сумесна з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл”.

“І я ўжо атрымаў водгук: сёння ранкам на пасяджэнні Бюро Кангрэса мы абмеркавалі вынікі гэтай сустрэчы, — сказаў ён. — Мы падумаем, што можам зрабіць, каб аказаць больш падтрымкі беларускім дэмсілам. У тым ліку падтрымаць іх канкрэтна — надаючы інфармацыю па пытаннях дэцэнтралізацыі і гэтак далей, а таксама палітычна”.

“Калі я правільна памятаю, каля шасці месяцаў ці год таму на пленарнай сесіі Кангрэса ўжо ладзіліся дэбаты па Беларусі. Гэта можа паўтарыцца і ў будучыні. Новым і даволі незвычайным для Кангрэса з’яўляецца тое, што цяпер прадстаўнікі беларускіх дэмсіл могуць выступаць з трыбуны — звычайна гэтае права маюць толькі дэлегаты ад дзяржаў-членаў. Мы прынялі рашэнне надаць беларускім дэмсілам той жа статус, што і членам Кангрэса, за выключэннем права голасу. Напрыклад, учора адзін з членаў беларускай дэлегацыі выступіў падчас нашых дэбатаў. Гэта свайго роду прызнанне беларускіх дэмсіл”, — дадаў ён.

На пытанне “Позірку”, якія ўмовы правядзення новых дэбатаў па Беларусі, Кулс адказаў: “Мы мусім падрыхтаваць іх сумесна з дэлегацыяй беларускіх дэмсіл”.

“Цяперашняя сесія яшчэ не завершаная, але да наступнай або адной з наступных мы павінны ўсталяваць кантакт. Мы ўжо ведаем, чаго яны хочуць. <…> Мы добра разумеем іх запыты і прыкладзем усе намаганні, каб адказаць на іх станоўча”, — сказаў прэзідэнт КМРУ.

Ацэньваючы арганізацыю мясцовай улады ў Беларусі паводле вертыкальнага прынцыпу, Кулс звярнуў увагу, што гэтак жа яна ўладкаваная ў РФ: “У панядзелак увечары ў нас было пабочнае мерапрыемства з прадстаўнікамі расійскай апазіцыі — людзьмі, якія былі абраныя ў Расіі, але пасля апынуліся ў турме, а пазней былі абмяняныя і цяпер жывуць у Германіі. Гэта тая ж праблема — спадчына Савецкага Саюза, вертыкаль улады”.

Паводле яго слоў, дэмакратыя — гэта “не толькі вертыкаль улады, але і гарызантальнае размеркаванне паўнамоцтваў, прынцып субсідыярнасці”.

“Менавіта таму ўжо больш за дзесяць гадоў мы працуем з Украінай над рэальнай дэцэнтралізацыяй, — адзначыў Кулс. — Цяпер Украіна разам з Кангрэсам рыхтуе рэформу дэцэнтралізацыі, каб быць гатовай укараніць яе пасля вайны. Тое ж трэба зрабіць і з беларускімі дэмсіламі — падрыхтаваць рэформу дэцэнтралізацыі, каб, калі ў краіне ўсталюецца дэмакратыя, можна было адразу пачаць будаваць сапраўднае мясцовае самакіраванне”.

Такім чынам, падсумаваў ён, вертыкаль улады, як у Беларусі, — “гэта, па сутнасці, форма дыктатуры”.

Кулс назваў жахлівым тое, што ў Беларусі маюцца палітзняволеныя. Ён заклікаў вязняў і іх сем’і захоўваць надзею.

“Часам усё мяняецца вельмі хутка, — заявіў кіраўнік арганізацыі. — Ніхто за два тыдні да падзення [Берлінскай] сцяны не верыў, што яна абрынецца — але яна ўпала. Так што перамены магчымыя. Мы бачым, як гэта адбывалася ў многіх краінах Усходняй Еўропы — у Румыніі ды іншых. Усё можа змяніцца раптоўна. Але, вядома, галоўная праблема Беларусі — гэта спадар [Уладзімір] Пуцін, які вельмі актыўна падтрымлівае [Аляксандра] Лукашэнку, у тым ліку вайсковым чынам. Мы ведаем. Але беларусам трэба захоўваць надзею”.

Паводле слоў Кулса, прадстаўнікі дэмсіл Беларусі, з якімі мае зносіны Кангрэс, знаходзяцца ў выгнанні, але падтрымліваюць кантакты з людзьмі ўнутры краіны. “Я ўражаны тым, што яны ўжо цяпер рыхтуюцца да таго дня, калі дэмакратыя будзе адноўленая. Я ўпэўнены, што яны будуць гатовыя. Калі [надыдуць дэмакратычныя перамены]? Гэтага ніхто не ведае”, — адзначыў ён.

Грамадска-палітычную сітуацыю ўнутры Беларусі прэзідэнт КМРУ назваў жахлівай. “Таму, калі я чую, як у некаторых заходніх краінах людзі кажуць: “А можа, аўтарытарны рэжым не такі ўжо і дрэнны, дэмакратыя недастаткова эфектыўная”, — я адказваю: едзьце ў Беларусь і паглядзіце, што такое аўтарытарны рэжым. Мы павінны заўсёды змагацца за дэмакратыю”, — заявіў прэзідэнт арганізацыі.

Цяперашняя сесія КМРУ праходзіць 28–30 кастрычніка. На ёй абмяркоўваюцца пытанні свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў, удзел моладзі ў жыцці мясцовых уладаў, жыллёвы крызіс у гарадах і рэгіёнах Еўропы, барацьба з наркотыкамі на ўзроўні мясцовых супольнасцяў, узмацненне рэгіянальнай палітыкі, мір для Украіны ды інш.

29 кастрычніка ў рамках сесіі Кангрэса прайшло дадатковае мерапрыемства, прысвечанае дапамозе мясцовых уладаў беларусам, якія сутыкнуліся з транснацыянальнымі рэпрэсіямі.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Савета Еўропы, з’яўляецца яе трэцяй асноўнай інстытуцыяй (апрача Камітэта міністраў і ПАСЕ), куды ўваходзяць губернатары, мэры, лідары мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

Дэмсілы заклікалі Савет Еўропы падтрымліваць беларусаў за мяжой і змагацца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі

28 кастрычніка, Позірк. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, паведаміла генеральнаму сакратару Савета Еўропы Алену Берсе пасля яго выступу на сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў 28 кастрычніка ў Страсбургу прадстаўнік дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл, член Каардынацыйнай рады (КР) Ірына Халопіца. Паводле …
Падзяліцца: