Мінск 16:16

Урад Швейцарыі 30 кастрычніка далучыўся да прынятых у ліпені санкцый ЕС супраць Беларусі

Ілюстрацыя: pixabay.com

30 кастрычніка, Позірк. Федэральная рада Швейцарыі на пасяджэнні 29 кастрычніка вырашыла далучыцца да дадатковых захадаў супраць Беларусі, прынятых Саветам Еўрапейскага саюза 18 ліпеня.

Як вынікае з паведамлення швейцарскага ўрада, рашэнне набывае моц 30 кастрычніка. Федэральная рада адзначае, што яна “яшчэ больш гарманізуе рэжым санкцый Швейцарыі супраць Беларусі з рэжымам супраць Расіі, узмацняючы яго ўздзеянне і устараняючы шчыліны для яго абыходу“.

Абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Мінска, прынятыя 18 ліпеня, сфакусаваныя на забароне імпарту зброі, кантролі над экспартам і блакаванні фінансавых аперацый. Пры гэтым па Беларусі і Расіі прыняты паасобныя санкцыйныя дакументы. На пасяджэнні Федэральнай рады Швэйцарыі 29 кастрычніка прынятая пастанова і аб далучэнні да адпаведных санкцый супраць Расіі.

13 жніўня было заяўлена, што да імплементацыі згаданых санкцый далучаецца федэральнае міністэрства эканомікі, адукацыі і даследаванняў Швейцарыі. Такім чынам, 29 кастрычніка пастанова прынятая ўжо на ўзроўні ўрада.

11 жніўня стала вядома, што да згаданых санкцый далучыліся Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія і Украіна.

23 кастрычніка Савет ЕС прыняў 19-ы пакет санкцый у дачыненні да Расіі за агрэсію супраць Украіны, у які ўключаныя тры беларускія банкі, тры юрыдычныя і дзве фізічныя асобы з Беларусі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: