Мінск 21:23

Офіс Ціханоўскай застаецца на сувязі з уладамі Літвы пасля прыняцця імі рашэння аб закрыцці мяжы

Ілюстрацыя: ДМК

29 кастрычніка, Позірк. Офіс Святланы Ціханоўскай застаецца на сувязі з уладамі Літвы пасля прыняцця імі рашэння закрыць мяжу з Беларуссю да канца лістапада, паведаміла прэс-служба дэмлідара.

“Мы працуем над тым, каб беларусы і беларускі, якія цяпер знаходзяцца ў Літве і планавалі вярнуцца ў Беларусь, змаглі гэта бяспечна зрабіць. Для нас вельмі важна, каб, нягледзячы на правакацыі рэжыму, пасажырскі рух праз мяжу заставаўся магчымым”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі офіса, літоўскі бок вызначыць спосаб кантакту і форму для збору інфармацыі для тых, каму патрэбная дапамога ў гэтым пытанні.

29 кастрычніка ўрад Літвы прыняў рашэнне, што да канца восені будуць закрытыя ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24:00 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захаваюцца выключэнні: праз яго будуць прапускацца дыпламаты, асобы, якія рухаюцца транзітам у Калінінградскую вобласць (РФ), а таксама тыя, хто вяртаецца ў Літву — яе грамадзяне, грамадзяне краін Еўрасаюза і краін НАТО, члены іх сем’яў, і асобы, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Захоўваецца магчымасць выдачы гуманітарных пропускаў, рашэнне аб якіх будзе прымаць Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

“Гэтае рашэнне можа быць прадоўжана настолькі, наколькі неабходна. Я прашу ўсіх засяродзіцца і паставіцца з разуменнем. Я сапраўды разумею, што гэта створыць масу перашкод і нязручнасцяў як для нашых грамадзян, так і для нашага бізнесу, але сёння мы не можам не адрэагаваць на гібрыдную атаку, накіраваную на Літву”, — заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла на мяжы з Беларуссю пункты пропуску Шумскас (з сумежнага боку Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Такім чынам, пасля сённяшняга рашэння ўрада ў абмежаваным рэжыме будзе працаваць толькі Мядзінінкай (Каменны Лог).


Падзяліцца: