Мінск 00:38

ДАІ: За мінулыя выхадныя на дарогах Беларусі адбылося амаль 400 ДТЗ

Архіўнае фота: Следчы камітэт

27 кастрычніка, Позірк. 397 дарожна-транспартных здарэнняў з матэрыяльнай шкодай адбылося ў Беларусі за мінулыя выходныя (25-26 кастрычніка) “у складаных умовах надвор’я“, паведаміла ДАІ МУС.

Загінулі два чалавекі, 19 атрымалі траўмы.

У два ДТЗ трапіў грамадскі транспарт: у Магілёўскім раёне 56-гадовы кіроўца прыгараднага аўтобуса МАЗ не даў рады кіраванню і з’ехаў у кювет, у выніку быў паранены пасажыр.

У Дзяржынскім раёне (Мінская вобласць) 45-гадовы кіроўца мікрааўтобуса з’ехаў у кювет. Адзін з 13 пасажыраў шпіталізаваны.

Устаноўлена, што перавозчык накіраваў у рэйс кіроўцу, які не меў неабходнага стажу працы. Да службовых асоб будуць прынятыя “меры рэагавання”.

ДАІ нагадала пра адказнасць перавозчыкаў за жыццё і здароўе пасажыраў і паведаміла, што працягвае кантраляваць выкананне ўстаноўленыя правілы кіроўцамі маршрутных мікрааўтобусаў і службовымі асобамі перавозчыкаў.

26 кастрычніка УУС Мінскай вобласці паведамляла, што ў Дзяржынскім раёне на 310-м кіламетры аўтадарогі М-1 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі адбылося ДТЗ, у выніку якога ў бальніцу для абследавання было дастаўлена пяцёра пасажыраў (з 13), пасля надання дапамогі чацвёра пакінулі медустанову, адзін быў шпіталізаваны.

Увечары 10 кастрычніка ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць) на 72-м кіламетры дарогі Р-31 Бабруйск — Мазыр — мяжа Украіны маршрутнае таксі “Мэрсэдэс“ сутыкнулася спачатку з трактарам, а затым з аўтамабілем “Фальксваген“, у выніку чаго пацярпела 19 чалавек, з якіх шэсць загінула, восем было шпіталізавана.

11 кастрычніка стала вядома, што пасля смяротнай аварыі ў Светлагорскім раёне Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацняе службу па ўсёй краіне.

Падзяліцца: