Мінск 20:17

Шматдзетная маці Юлія Лаптановіч выйшла на волю і эмігравала

Фота: "Вясна"

27 кастрычніка, Позірк. Маці траіх дзяцей Юлія Лаптановіч выйшла на волю, інфармацыя пра гэта змяшчаецца на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.

На партале таксама пазначана, што жанчына пакінула Беларусь.

У ліпені 2022 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Лаптановіч да пяці гадоў пазбаўлення волі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), арт. 188 (паклёп), арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў дачыненні, арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля).

Пазней Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прыгавор і скараціў тэрмін пакарання да 4 гадоў 9 месяцаў зняволення.

Юлія Лаптановіч і яе муж Ігар — пружанскія актывісты, якія выхоўваюць траіх дзяцей.

4 жніўня 2021 года іх асудзілі па “справе аб карагодах” — самай масавай у гісторыі Беларусі крымінальнай справе. 13 верасня 2020 года ў Брэсце ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў перакрылі рух транспарту на скрыжаванні бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі з праспектам Машэрава, спявалі песні і вадзілі карагоды. Пратэстоўцаў разагналі з дапамогай вадамёта, а неўзабаве распачалі крымінальную справу, якую мясцовыя называюць “карагоднай”.

У рамках “справы аб карагодах” Ігара Лаптановіча прыгаварылі да 2,5 года калоніі (выйшаў на волю ў чэрвені 2023-га), яго жонку — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 кастрычніка 2021 года дома ў Лаптановіч прайшоў ператрус, жанчыну затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы.

У студзені 2025 года стала вядома, што Брэсцкі абласны суд пачаў разглядаць яшчэ адну справу Лаптановіч. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Рашэнне суда невядома.

Падзяліцца: