Фракцыя “Воля” абвясціла аб выхадзе з Каардынацыйнай рады (дапоўнена)

26 кастрычніка, Позірк. Фракцыя “Воля” абвясціла ў сваім тэлеграм-канале аб выхадзе з трэцяга складу Каардынацыйнай рады (КР).
Рашэнне прынята “пасля ўнутраных абмеркаванняў і ўзважвання розных пазіцый у рамках каманды”.
“Мы выказваем падзяку тым членам і структурам Каардынацыйнай рады, якія на першае месца ставілі барацьбу за аднаўленне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, за супрацоўніцтва, абмен ідэямі і супольныя намаганні, накіраваныя на будучыню Беларусі”, — гаворыцца ў заяве фракцыі.
Пры гэтым “Воля”, як адзначаецца, “бачыць неабходнасць працягваць сваю дзейнасць у самастойным фармаце — для развіцця ўласных ініцыятыў, праектаў і ідэй”.
“Мы застаемся адкрытымі да дыялогу, супрацоўніцтва і ўзаемнай падтрымкі з усімі сіламі, якія падзяляюць прынцыпы свабоды, годнасці і адказнасці. Гатовыя ахвяраваць, прымаць складаныя рашэнні ў складаных сітуацыях і несці за іх адказнасць”, — падкрэслівае фракцыя.
26 кастрычніка СМІ паведамілі аб выхадзе з КР прадпрымальніка і блогера Аляксандра Кныровіча з фракцыі “Беларусы” (ранейшая назва — “Блок Пракоп’ева — Ягорава”).
Па выніках выбараў, якія прайшлі ў 2024 годзе, “Воля” атрымала шэсць месцаў у Каардынацыйнай радзе. У КР увайшлі Аляксандр Кабанаў, Генадзь Манько, Сяргей Пятрухін, Карына Маліноўская, Максім Дзенісевіч, Аляксандр Клачко.
23 кастрычніка паведамлялася аб выхадзе з КР Кабанава. Клачко ў той жа дзень заявіў пра “прыпыненне актыўнай дзейнасці” ў структуры. Гэта адбылося ў сувязі з адхіленнем прапановы ўвесці ў КР працэдуру праверкі на паліграфе.
Як паведамляў “Позірк”, прапанова ўвесці працэдуру праверкі на паліграфе ў Каардынацыйнай радзе не набрала кворуму. У галасаванні па гэтым пытанні прыняў удзел 21 дэлегат з 77.
Увядзенне адпаведнай працэдуры падтрымалі 17 дэлегатаў (фракцыя “Незалежныя беларусы” — 5, “Еўрапейскі выбар” — 5, “Воля” — 4, “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” — 2, “Хопіць баяцца” — 1).
Супраць выказалася два дэлегаты (па адным з фракцый “Моладзевы наступ” і “Наша справа”), устрымалася таксама два (па адным з фракцый “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” і “Хопіць баяцца”).
Астатнія 56 дэлегатаў галасаванне праігнаравалі (“Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” — 24, “Беларусы” — 12, “Моладзевы наступ” — 7, “Наша справа” — 4, “Незалежныя беларусы” — 3, “Еўрапейскі выбар” — 3, “Воля” — 1, “Хопіць баяцца” — 1, пазафракцыйныя — 1).
Як паведамляў “Позірк”, на пачатку верасня фракцыя “Воля” і камісія Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы (КНРБ) выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што “са жніўня 2024 года прапануюць увесці працэдуру” праверкі на паліграфе для дэлегатаў і адказных супрацоўнікаў КР.
У дакуменце адзначалася, што мэтазгоднасць увядзення працэдуры “ў чарговы раз” паказалі сітуацыя са знікненнем экс-спікера КР Анжалікі Мельнікавай, а таксама пэўныя сумневы ў матывах дэлегата Вольгі Карпушонак (фракцыя “Хопіць баяцца”; галасавала за паліграфічныя праверкі), якая абвінаваціла намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, дэлегата КР Паўла Латушку ў сексуальных дамаганнях (катэрагычна адрынае абвінавачанні).
Аўтары заявы выказалі гатоўнасць распачаць працэс праверкі з кіраўніка КНРБ — былога ваяра палка Каліноўскага Аляксандра Клачко.
Дапаўненне
26 кастрычніка аб выхадзе са складу КР заявіла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адвакат Карпушонак. Паводле яе слоў, яна больш не “бачыць магчымасці заставацца часткай структуры, якая страціла сваю мэту і празрыстасць”.

- ЭканомікаДастаўка беларускага калію морам у Кітай займае 40–60 дзён — “Белмытсервіс“Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка

