Мінск 00:00

Прыгарадны аўтобус з’ехаў у кювет у Магілёўскім раёне

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

26 кастрычніка, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні з удзелам аўтобуса ў Магілёўскім раёне паведамляе УУС мясцовага аблвыканкама.

ДТЗ здарылася 26 кастрычніка каля 13:00 паблізу вёскі Любуж. Адзначаецца, што 56-гадовы кіроўца рэйсавага аўтобуса “МАЗ” па шляху ў Магілёў “не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет”.

“Дваіх пасажыраў аглядаюць медыкі. Па гэтым факце праводзіцца праверка, абставіны і прычыны высвятляюцца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Колькі пасажыраў было ў аўтобусе, не ўдакладняецца.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікала кіроўцаў “быць максімальна ўважлівымі, асцярожнымі і прадбачлівымі”.

“Нагадваем аб адказнасці перавозчыкаў за жыццё і здароўе пасажыраў, а таксама неабходнасці строгага выканання ўстаноўленых правілаў усімі ўдзельнікамі дарожнага руху”, — адзначылі ва УУС.

Раней 26 кастрычніка паведамлялася аб ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі ў Дзяржынскім раёне (Мінская вобласць). Пяцёра пасажыраў пацярпела, адзін шпіталізаваны.

Падзяліцца: