Мінск 16:43

Пяцёра пасажыраў маршруткі пацярпелі ў ДТЗ у Дзяржынскім раёне

Фота: УУС Мінскай вобласці

26 кастрычніка, Позірк. Аб чарговым дарожна-транспартным здарэнні з удзелам маршрутнага таксі паведаміла УУС Мінскай вобласці.

Аварыя адбылася 26 кастрычніка каля 8:30 у Дзяржынскім раёне на 310-м кіламетры аўтадарогі М-1 “Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі”.

“45-гадовы кіроўца, кіруючы аўтобусам “Мэрсэдэс Бенц” (маршрут Іванава — Драгічын — Белаазёрск — Мінск), рухаючыся ў кірунку Мінска, паводле папярэдняй інфармацыі, адцягнуўся ад кіравання на люстэрка задняга выгляду, з’ехаў на правую абочыну, дзе ўчыніў наезд на дарожны знак, пасля чаго з’ехаў у кювет”, — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку ДТЗ у бальніцу для абследавання былі дастаўленыя пяцёра пасажыраў (з 13). Удакладняецца, што пасля аказання медыцынскай дапамогі чацвёра пакінулі медустанову, адзін пасажыр шпіталізаваны.

“Зыходзячы з тлумачэнняў пасажыраў, выкарыстанне кіроўцам тэлефона падчас руху выключана”, — паведамілі ва УУС.

Праводзіцца праверка.

10 кастрычніка смяротнае ДТЗ з удзелам маршруткі адбылося ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць). Загінула шэсць чалавек. У дачыненні да вадзіцеля ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб).

27 ліпеня ў Іванаўскім раёне (Брэсцкая вобласць) на 465-м кіламетры аўтадарогі М-10 “мяжа РФ — Гомель — Кобрын” 47-гадовы кіроўца, кіруючы мікрааўтобусам Mercedes, рухаўся па маршруце “Іванава — Гродна”, і пры выкананні абгону не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходзе руху кювет, дзе маршрутка перакулілася.

Сем пасажыраў былі дастаўленыя ў бальніцу.

ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі адбылося 27 траўня ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) на 10-м кіламетры аўтадарогі Р53. Рухаючыся са Смалявічаў у Мінск, маршрутка ўрэзалася ў агароджу і перакулілася.

На момант ДТЗ у мікрааўтобусе знаходзілася дзесяць чалавек. “Трое пасажыраў не пацярпелі, яшчэ чацвёра пасля агляду медыкамі адпушчаныя дадому. Кіроўца і два пасажыры цяпер у бальніцы з траўмамі рознай ступені цяжкасці”, — паведамілі ў МУС.

20 траўня паведамлялася, што ў аварыі з удзелам маршруткі ў Гродне пацярпела сем чалавек.

12 лютага паведамлялася пра пяць пацярпелых у ДТЗ з удзелам маршруткі ў Мінску. Усіх траўміраваных брыгады хуткай дапамогі даставілі ў бальніцы, дзе “пасля правядзення дыягностыкі” яны былі шпіталізаваныя.

Падзяліцца: