Літва адкрыла мяжу з Беларуссю, аднавіў працу аэрапорт у Вільнюсе

26 кастрычніка, Позірк. Аб адкрыцці пунктаў пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай на мяжы з Беларуссю паведамляецца на сайце Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).
Праца пунктаў пропуску адноўленая з 2:00 гадзін 26 кастрычніка.
Таксама зноў працуе аэрапорт у Вільнюсе. На яго сайце адзначаецца, што паветраная прастора ў сталіцы Літвы была адкрытая ў 3:30. Пры гэтым звяртаецца ўвага, што “на працягу дня могуць фіксавацца асобныя затрымкі рэйсаў з-за парушэння ратацыі экіпажаў і паветраных судоў”.
Паведамляецца, што праз прыпыненне працы “пацярпела каля 3.500 пасажыраў, 25 рэйсаў былі скасаваныя, 4 перанакіраваныя, а 14 пацярпелі”.
Літва зноў закрыла пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай 25 кастрычніка з 22:45 “праз метэазонды, якія прыляцелі ў Літву з Беларусі”. З гэтай жа прычыны зноў прыпыніў працу вільнюскі аэрапорт.
Раней на гэтым тыдні праца літоўскіх аэрапортаў двойчы прыпынялася праз аэрастаты, што ляцелі з тэрыторыі Беларусі — такія, якія апошнім часам выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага транспартавання цыгарэт.
Першы выпадак здарыўся ў ноч на 22 кастрычніка. Праз аэрастаты ў аэрапорце Вільнюса затрымалі або скасавалі восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыла паверанаму ў справах Беларусі “строгую ноту пратэсту”, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства



