Праца аэрапорта Вільнюса зноў прыпыненая — праз “адзін ці некалькі паветраных шароў”

25 кастрычніка, Позірк. Аэрапорт Вільнюса паведаміў пра прыпыненне руху паветраных суднаў 25 кастрычніка ў 21:35.
“Паводле папярэдніх даных, рашэнне пра ўвядзенне абмежаванняў у паветранай прасторы было прынятае праз адзін ці некалькі паветраных шароў, якія рухаліся ў напрамку аэрапорта Вільнюса”, — гаворыцца на старонцы аэрапорта ў “Фэйсбуку”.
Абмежаванні дзейнічаюць да 2:00 26 кастрычніка.
Партал навін Delfi са спасылкай на Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі заявіў, што “былі заўважаныя неапазнаныя аб’екты, чые адзнакі на радарах характэрныя для паветраных шароў”.
Раней на гэтым тыдні праца літоўскіх аэрапортаў двойчы прыпынялася праз аэрастаты, што ляцелі з тэрыторыі Беларусі — такія, якія апошнім часам выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага транспартавання цыгарэт.
Першы выпадак здарыўся ў ноч на 22 кастрычніка. Праз аэрастаты ў аэрапорце Вільнюса затрымалі або скасавалі восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыла паверанаму ў справах Беларусі “строгую ноту пратэсту”, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.

- ГрамадстваУ першую лютаўскую ноч зафіксаваны тэмпературны антырэкорд, агулам маразы былі значна слабейшымі за прагнозМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаВальфовіч адсправаздачыўся аб завяршэнні першага этапу праверкі боегатоўнасці па распараджэнні ЛукашэнкіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 2 лютага — 30 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаЗа 2025 год банкі ў Беларусі павялічылі прыбытак амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа 2025 год працэнтныя стаўкі па крэдытах выраслі на 0,61 п.п. — даныя Нацбанка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


